viasna on patreon

Чарговы мільённы штраф Юрасю Беленькаму – за шэсце ў Лошыцкі Яр

2014 2014-11-28T18:29:31+0300 2014-12-01T10:11:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bielienki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрась Беленькі. Фота: svaboda.org

Юрась Беленькі. Фота: svaboda.org

28 лістапада суд Ленінскага раёна Мінска разгледзеў адміністратыўную справу намесніка старшыні КХП БНФ Юрася Беленькага і прысудзіў яму 30 базавых адзінак (4,5 мільёны) штрафу за шэсце да месца расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору 9 лістапада.

Прадстаўнік ПЦ “Вясна” Наста Лойка, якая назірала за судовым працэсам, распавяла, што суд пачаўся на паўгадзіны пазней - 12.00, а таксама была заменена суддзя – замест абвешчанай раней Надзеі Навіцкай справу разглядала Марына Запаснік.

Суддзя задаволіла ўсе хадайніцтвы сп.Беленькага (пра ўдзел адваката, допыт сведкі), але па выніку адмовіла ў праглядзе відэа з агульнага паседжання у Мінгарвыканкаме 27 кастрычніка і з самой акцыі ў Лошыцы.

Прадстаўнік Мінгарвыканкама Юрый Уральскі, як і ў паседжанні 17 лістапада, абгрунтаваў слушнасць іх рашэнняў, але шмат хаміў у бок адваката і не хацеў адказваць на шэраг пытанняў сп.Беленькага, сам даючы ім ацэнку “некарэктных”. Сп.Юрась даводзіў у судзе, што меры па бяспецы былі ўзгодненыя на паседжанні 27 кастрычніка (прагляд відэа з якога не дазволіла суддзя), а таксама перад акцыяй 9 лістапада, а пра працэдуру аплаты яму не паведамілі, ды склалі пратакол 12 лістапада, хаця аплаціць КХП БНФ павінна было паводле закону цягам 10 дзён пасля акцыі.

У выніку суддзя Марына Запаснік прызнала Юрася Беленькага вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах як арганізатара (ч.2 арт.23.34 КаАП) і пакарала штрафам у 4,5 мільёны рублёў.

“Абсурднасць сітуацыі ў тым, што з аднаго боку адсутнічая рэгламентаваная працэдура аплаты мераў бяспекі для ГУУС Мінгарвыканкама, а з іншага – у неадпаведнасці самога такога патрабавання для арганізатара з боку ўладаў, паколькі агульнапрызнаныя стандарты свабоды сходаў прадугледжваюць пазітыўныя абавязкі дзяржавы па забеспячэнні аховы грамадскага парадку падчас масавага мерапрыемства, а не абавязак арганізатараў. Апошні ўніверсальны перыядычны агляд Савета па правах чалаека ААН за 2010 год утрымлівае рэкамендацыю беларускаму ўраду прывесці нацыянальны закон “Аб масавых мерапремствах” у адпаведнасць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але з тых часоў сітуацыя толькі пагоршылася, рэальнага права на свабодныя сходы ў Беларусі няма, што сімвалізуе і гэты суд”, - кажа Наста Лойка.

Нагадаем, гэта ужо другі штраф Юрасю Беленькаму за арганізацыю масавых мерапрыемстваў з нагоды традыцыйнай памятнай даты Дзяды. 17 лістапада суд Першамайскага раёна Мінска пакараў яго па гэтым жа артыкуле штрафам у 20 базавых адзінак за шэсце ў Курапаты 2 лістапада.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства