"Азербайджан застанецца ў гісторыі як краіна, якая дапусціла нябачаны ціск на праваабаронцаў"
Нілс Муйжніекс, Камісар па правах чалавека Савета Еўропы, у сваім Фэйсбуку напісаў, што самай складанай яго місіяй стаў візіт у Азербайджан, дзе ён наведаў праваабаронцаў-палітвязняў.
«За два з паловай гады сваёй працы, у якасці Еўракамісара па правах чалавека, маёй самай складанай місіяй стаў візіт у Азербайджан ў кастрычніку 2014 года. Гэтая багатая нафтай і газам краіна завяршала сваю місію ў якасці старшыні Камітэта міністраў Савета Еўропы. Азербайджан застанецца ў гісторыі як краіна, якая дапусціла нябачаны ціск на праваабаронцаў падчас свайго старшынства ў Савеце Еўропы», цытуе яго азербайджанскае інфармацыйнае агенцтва Turan.
Нілс Муйжніекс піша, што многія яго знаёмыя праваабаронцы сядзяць у турмах Азербайджана. «З болем у сэрцы я наведаў Лэйлу Юнус - самую вядомую праваабаронцу краіны, аднаго з трох фіналістаў прэміі Еўрапарламента імя Сахарава. На працягу паўгадзіны нашай гутаркі яна плакала, пакутуючы ад дыябету, гепатыту С і праблемы з ныркамі», - піша Муйжніекс.
Далей ён адзначае, што ў дзень яго ад'езду з Азербайджана тэрмін арышту Юнус быў працягнуты яшчэ на 4 месяцы.
«Яшчэ адной цяжкай сустрэчай была сустрэча з адвакатам Інтыгамам Аліевым - каардынатарам Праграмы прававой асветы Савета Еўропы. Тэрмін яго арышту таксама быў працягнуты ў дзень майго ад'езду на тры месяцы. У момант абвяшчэння рашэння суда Інтыгам ледзь не страціў прытомнасць», - піша еўракамісар.
Далей ён апісвае сустрэчы з Анарам Мамедлі і Расулам Джафаравым.
«У той час як большасць маіх партнёраў знаходзяцца ў турмах, іншыя былі вымушаныя прыпыніць праваабарончую працу, пакінуць краіну або хавацца, як напрыклад Эмін Гусэйнаў.
Я наведаў яго, нягледзячы на яго малады ўзрост (35 гадоў), у яго высокі ціск і старая траўма хрыбетніку - вынік збіцця паліцыяй падчас мітынгу. Дактары, якія яго аглядалі, кажуць, што ў азербайджанскай турме ён бы не выжыў. Цяжка было бачыць у турме галоўных партнёраў Савета Еўропы. Падобнае перашкаджае нармальнаму супрацоўніцтву Савета Еўропы з Азербайджанам. Гэтыя рэпрэсіі павінны быць спыненыя неадкладна», - піша на завяршэнне Муйжніекс.