Брэст: у Камітэце дзяржаўнага кантролю не пажадалі разбірацца ў пытанні законнасці арэнды часткі ракі Мухавец
З адпаведным запытам да кантралёраў звярнулася абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якая прасіла даць ацэнку прававым дзеянням Брэсцкага райвыканкама: гэтая ўстанова сваім рашэннем перадала ў арэнду прыватнай фірме 10 кіламетраў згаданай ракі.
Як распавёў лідар брэсцкіх сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі, з адказу КДК вынікае, што там не будуць ладзіць уласнае разбіральніцтва і перанакіравалі партыйны запыт у мясцовы аблвыканкам. Між тым, паводле слоў Маслоўскага, свае подпісы ў межах кампаніі “Вернем Мухавец народу!”, пакінулі ўжо больш за тысячу чалавек, і гэты працэс працягваецца: далучыцца да кампаніі зараз можна як праз адмысловую спасылку на электронны варыянт зварота ў Інтэрнэце, так і падпісацца асабіста ў рыбалоўных крамах Брэста. Пазней подпісы пад зваротам будуць накіраваны ў беларускі ўрад.
Аўтары звароту заклікаюць скасаваць рашэнне Брэсцкага райвыканкама, паводле якога частка ракі Мухавец перададзена ў арэнду на 5 гадоў для прамысловай лоўлі прадпрыемству “Белэлектрабудмантаж” (арэндаваны ўчастак цягнецца ад мяжы Брэста да Жабінкаўскага раёна). Паводле Ігара Маслоўскага, натуральныя прыродныя водныя аб'екты з’яўляюцца ўласнасцю народа і не могуць быць прадметам арэнды з мэтай прамысловай лоўлі рыбы без уліку меркавання жыхароў рэгіёну. “Ніхто з прадстаўнікоў улады гэтае пытанне з людзьмі не ўзгадняў, не было ніякіх грамадскіх слуханняў альбо абмеркавання ў сродках масавай інфармацыі, - кажа Маслоўскі. - У народзе гэта называюць “узаконеным браканьерствам”. Бо размова ідзе і пра тое, што прамысловая лоўля таксама ставіць пад пагрозу знікнення ўнікальныя віды рыб, якія знаходзяцца ў Мухаўцы”.