У кадзецкай вучэльні забаранілі цукеркі і ўвялі публічнае пакаранне
У Брэсцкай абласной кадзецкай вучэльні на гэтым тыдні “хоронили” цукеркі і пячэнне. У вучэльні, што месціцца ў былой школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот у Ястрамбелі Баранавіцкага раёна, кадэтам есці цукеркі і пячэнне цяпер забаронена. Дырэкцыя асабіста правярала ў капцёрках рэчы 14-17 гадовых падлеткаў, забрала ежу і вымусіла кадэтаў закапаць цукеркі – дзесяткі кілаграмаў. Пра гэта паведаміў адзін з бацькоў выхаванцаў. А яшчэ ў вучэльні афіцыйна ўвялі пакаранне – “публічна прысядаць і аджымацца” за правіны. У звальненне дазваляецца ісці толькі 25% “асабовага складу”. Мабільныя тэлефоны захоўваюцца ў сейфах, ноўтбукі выдаюцца на некалькі гадзін толькі ў суботу і нядзелю. З ежы, што прывозяць з дому, дазваляецца толькі вада -- на прахадной торбы кадэтаў правярае кіраўніцтва вучэльні.