Алеся Залеўскага зноў збіраюцца судзіць
Слонімскі РАУС выклікае “на размову” журналіста Алеся Залеўскага “ў якасці ўдзельніка адміністрацыйнага працэсу”.
Як паведаміў тэлеканал “Белсат” 13 лістапада са спасылкай на самога журналіста, ён атрымаў афіцыйную позву, але пазней за прызначаны тэрмін яўкі. Журналіст перакананы, што выклік звязаны з яго рэпартажам пра злоўжыванні і карупцыю ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які ён здымаў у Слоніме.
Начальнік Слонімскага РАУС Валерый Раманчук, да якога датэлефанаваўся тэлеканал “Белсат”, паведаміў, што ў дзеяннях журналіста “заўважаны склад адміністрацыйнага правапарушэння”, і яго справу накіруюць у суд.
Алесь Залеўскі - штатны супрацоўнік Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткай якога з'яўляецца “Белсат”, аўтар і вядоўца праграм “Людскія справы” і “Рэпартаж Залеўскага”.
Гэта ўжо другая адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго цягам бягучага года. У маі Карэліцкі раённы суд пакараў журналіста штрафам у 30 базавых велічыняў за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” (арт. 22. 9 ч 2. КаАП). Падставай стаў рэпартаж пра прыватны краязнаўчы музей у Міры.
Нагадаем, што 13 лістапада стала вядома пра чарговую (трэцюю па ліку) адміністрацыйную справу ў дачыненні да гродзенскага журналіста Андрэя Мялешкі. Яго звінавачваюць у парушэнні гэтага ж артыкулу КаАП за інтэрв'ю з прафесарам гродзенскага ўніверсітэта Валерам Чарапіцам для "Беларускага Радыё Рацыя".
Такім чынам, на сёння налічваецца ўжо 12 адміністрацыйных спраў, заведзеных цягам 2014 года ў дачыненні да журналістаў за супрацоўнцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.