Гродна: Вольгу Крапоціну будуць судзіць
11 лістапада вядомы ў Гродна па многіх “палітычных” адміністрацыйных справах маёр Алег Кока завітаў да грамадскай актывісткі Вольгі Крапоцінай і прынёс ёй разам з вынікам экспертызы забраных раней улётак пратакол пра нібыта здзейсненае правапарушэнне паводле артыкулу 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу. Крапоціну вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі. Бліжэйшым часам яе чакае выклік у суд на разгляд справы.
Нагадаем, што 19 верасня міліцыя затрымала Вольгу Крапоціну ў цэнтры гораду і забрала ў яе 17 улётак з тэкстам “Верните Крым! Руки прочь от Украины” і “Ганьба здраднікам Радзімы з “трыкалорам” у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як уздыме на штыках!”. Крапоціну тады трымалі пару гадзін у РАУСе, а потым па месцы яе жыхарства правялі ператрус.