У Магілёве аблюст адклікаў пазоў на прыпыненне дзейнасці Магілёўскага праваабарончага цэнтра
Нагодай для гэтага паслужыла тое, што праваабарончая арганізацыя здолела знайсці новы юрыдычны адрас.
Пра такі паварот падзей стала вядома ўчора, 4 лістапада, у Магілёўскім абласным судзе.
Прычынай для пазову ў суд з боку Магілёўскага абласнога ўпраўлення юстыцыі паслужыла тое, што грамадская арганізацыя не прадаставіла ў час дакументы, якія былі неабходы для рэгістрацыі зменаў юрыдычнага адрасу. Напярэдадні судовага працэсу аблюст вынес Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру (МПЦ) два пісьмовых папярэджанні.
- У нас быў юрыдычны адрас, аднак у сувязі з тым, што ў пададзеных дакументах у аблюст чыноўнікі выявілі недакладнасці ў метражы памяшкання, гэтыя дакументы завярнулі назад. Мы думалі, што выправім дакументы і зноўку пададзім, аднак у гэты момант гаспадар памяшкання адмовіўся прадастаўляць нам арэнду. Думаю, што гэта магло адбыцца пад ціскам чыноўнікаў і спецслужбаў, - кажа старшыня Магілёўскага праваабарончага цэнтра Уладзімір Краўчанка.
Трэба адзначыць, што МПЦ з’яўляецца найстарэйшай у Беларусі рэгіянальнай праваабарончай арганізацыяй. Мясцовыя ўлады перыядычна спрабуюць яе ліквідаваць.