ААН просяць прыняць тэрміновыя меры ў сувязі з магчымай высылкай Алены Танкачовай
Беларускія праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да спецдакладчыка ААН па становішчы праваабаронцаў, а таксама да Спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з просьбай у тэрміновым парадку ўмяшацца ў сітуацыю.
У заяве (гл. у дадатку) адзначаецца, што гэта не першы выпадак ціску ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю Алены Танкачовай. Калегі-праваабаронцы лічаць "недапушчальнымі такія дзеянні дзяржавы, калі з дапамогай абмежаванняў асабістых правоў і свабод ствараюцца перашкоды праваабарончай дзейнасці арганізацый і грамадзян. Такія дзеянні дзяржавы супярэчаць арт. 6 і арт. 12 Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды і арт. 12, 17, 19, 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах".
Тэрміновы зварот да Спецыяльных працэдураў Савета па правах чалавека ААН прадугледжаны для выпадкаў, калі неабходна неадкладная рэакцыя спецдакладчыкаў на выпадкі сур'ёзнага ціску на праваабаронцаў у той ці іншай краіне. Такая працэдура выкарыстоўваецца вельмі рэдка.