Жонка іранца Мехрдада Джамшыдзіяна спрабуе прадухіліць высылку мужа з Беларусі
Індывідуальнае паведамленне жонкі іранца Мехрдада Джамшыдзіяна Алены, дасланае з Беларусі 23 кастрычніка, зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН і па ім уключаны меры тэрміновага характару.
Мехрдад Джамшыдзіян, які пражывае ў Беларусі з 1993 года, з чэрвеня бягучага года ўтрымліваецца ў Мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Не выключана, што беларускія ўлады могуць выслаць яго ў ісламскую рэспубліку Іран, дзе яго чакае крымінальны пераслед па абвінавачанні ў забойстве.
У 2012 годзе Мехрдад першы раз быў затрыманы пасля таго, як іранскія ўлады накіравалі ў Беларуст запыт з патрабаваннем экстрадзіраваць на радзіму, каб прыцянуць да крымінальнай адказнасці за нібыта здзейсненае ім забойства маці і брата падчас ягонага знаходжання на радзіме. Але паколькі іранскія ўлады не прадставілі ўсіх неабходных дакументаў, пасля пяці месяцаў утрымання пад вартай Мехрдад Джамшыдзіян быў вызвалены.
Ён папрасіў даць яму статус бежанца, аднак беларускія ўлады яму адмовілі. Гэтае рашэнне іранец абскардзіў у судзе Цэнтральнага раёна Мінска, але той стаў на бок Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі. Зараз чакаецца разгляд справы ў касацыйнай інстанцыі -- Мінскім гарадскім судзе. Дата яе разгляду пакуль не прызначана. Калі гэтая інстанцыя адмовіць іранцу у задавальненні скаргі, то яго могуць выслаць на радзіму, дзе яму пагражае смяротнае пакаранне.
Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, насцярожвае тое, што беларускія ўлады могуць выслаць Джамшыдзіяна ў абход працэдуры экстрадыцыі ў краіну, дзе ў адносінах да яго можа быць вынесены смяротны прысуд. Па ягонай інфармацыі, забойстве Мехрдад не здзяйсняў, паколькі якраз у гэты час знаходзіўся ў Беларусі. Ён звяртае ўвагу на тое, што падчас паўторнага запыту аб выдачы Джамшыдзіяна іранскія ўлады змянілі час забойства, так бы мовіць, падкарэктавалі.
Раман Кісляк лічыць, што Беларусь не толькі не павінна караць смерцю сама, але і не павінна выдаваць людзей іншым краінам, дзе ёсць рызыка таго, што яны будуць падвергнуты смяротныму пакаранню ў выніку недасканалых судовых разбіральніцтваў, падмацаваных фактарам вераадступніцтва – Мехрдад памяняў ісламскую веру на хрысціянскую.
Падрабязна пра справу Мехрдада Джамшыдзіяна быў апублікаваны артыкул на сайце naviny.by: Живущего в Беларуси иранца могут выслать на родину, где ему грозит казнь