“Будзем рабіць усё магчымае, каб рашэнне аб пазбаўленні віда на жыхарства было перагледжанае”
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч выказаў сваё стаўленне да рашэння аб ануляванні віда на жыхарства і разгляду пытання пра высылку з Рэспублікі Беларусь праваабаронцы Алены Танкачовай, лідэра Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.
“І я асабіста, і Праваабарончы цэнтр “Вясна”, расцэньваюць гэтыя дзеянні ўладаў, як выключна палітычна матываваныя, найперш звязаныя з дзейнасцю Алены Танкачовай і арганізацыі, якую яна ўзначальвае. Гэта спроба пазбавіць Беларусь адной з актыўных праваабаронцаў, якая на працягу шмат гадоў плённна займалася праваабарончай дзейнасцю.
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, які ўзначальвае Алена Танкачова – адна з вядучых праваабарончых арганізацый у Беларусі, арганізацыя, з якой “Вясна” мае партнерскія стасункі шмат гадоў. Lawtrend актыўна прымаўудзел у многіх супольных дзеяннях, у тым ліку ў цяжкія часы, якія наступілі пасля 19 снежня 2010 года, а таксама ў 2011 годзе, калі “Вясна” сутыкнулася з жорсткім пераследам з боку ўладаў, калі быў арыштаваны кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі.
Арганізацыя, якую ўзначальвае Алена Танкачова, працавала над юрыдычнай экспертызай законапраектаў і законаў, прымала ўдзел у розных міжнародных механізмах, у тым ліку ва Універсальным перыядычным аглядзе, які Беларусь павінна будзе праходзіць у 2015 годзе. Кааліцыяй праваабарончых арганізацый быў падрыхтаваны альтэрнатыўны даклад, частка якога – аналітычная праца Цэнтраправавой трансфармацыі. Пры гэтым дадаткова яны падрыхтавалі асобны дадатковы даклад на тэму свабоды асацыяцый у Беларусі.
Мне падаецца, што менавіта з гэтым і звязаныя дзеянні ўладаў, якія зараз проста выкідваюць яе за межы Рэспублікі Беларусь, знайшоўшы для гэтага неістотную нагоду ў выглядзе некалькіх фактаў відэафіксацыі перавышэння ёй хуткасці на дарогах, якую яна па інфармацыі СМІ, здзейсніла.У нас па такіх смешных абставінах нікога віда на жыхарства не пазбаўлялі і не пазбаўляюць.
Таму выказваем свае словы салідарнасці і падтрымкі Алене ў такой цяжкай для яе сітуацыі і запэўніваем, што будзем рабіць усё магчымае, каб гэтага не здарылася, а рашэнне ўладаў было перагледжанае, - заяўляе Валянцін Стэфановіч.
Пытанне аб ануляванні віду на жыхарства Алены Танкачовай будзе вырашацца 5 лістапада.