viasna on patreon

“Праз выдварэнне Алены Танкачовай з Беларусі ўлады толькі павялічаць узровень недаверу да сябе”

2014 2014-10-31T16:39:59+0300 2014-10-31T17:01:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-111.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота Аляксея Лапіцкага.

Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота Аляксея Лапіцкага.

Кіраўнік ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDHАлесь Бяляцкі разглядае рашэнне ўладаў аб пазбаўленні віда на жыхарства і верагоднае выдварэнне з краіны сваёй калегі Алены Танкачовай як расправу з актыўнай праваабаронцай, якая прафесійна працуе на карысць Беларусі.

Пры гэтым ён адзначае, што ўлады выбралі дастаткова падступны спосаб, скарыстаўшы тое, што Алена Танкачова з’яўляецца грамадзянкай Расіі, на фармальных падставах прынялі рашэнне аб ануляванні віда на жыхарства, нягледзячы на тое, што яна ў Беларусі ўжо 30 гадоў, выгадавала тут дачку, мае кватэру - то бок жыве ў краіне на пастаяннай аснове.  

“Палітычны падтэкст гэтага рашэння відавочны. Алена Танкачова вядомая як актыўная праваабаронца. Яе арганізацыя займаецца маніторынгам сітуацыі са свабодай асацыяцый, свабодай інфармацыі, а таксама распаўсюдам адпаведнай інфармацыі. Яна неаднаразова дастаткова прынцыпова выступала па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі, крытыкуючы ўлады, але заўсёды рабіла гэта ў спакойнай, карэктнай манеры. Алена вылучаецца глыбокім прафесіяналізмам як юрыст, добра ведае як беларускае заканадаўства, так і міжнародныя нормы правоў чалавека. І такіх прафесійных людзей, якія не першы год працуюць на карысць Беларусі, у прынцыпе не так багата. Тым не менш, было прынятае такое палітычнае рашэнне, скіраванае супраць яе асабіста і супраць усёй грамадзянскай супольнасці Беларусі.

З набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў улады любым спосабам спрабуюць зачысціць праваабарончае поле і зменшыць верагоднасць маніторынга выбараў і крытыку, такім чынам засцерагчы сябе ад верагоднай актыўнай дзейнасці беларускіх праваабаронцаў. Але гэта вельмі недальнабачны крок. Мне падаецца, што такім учынкам – выдварэннем Алены Танкачовай з Беларусі – яны толькі павялічаць узровень недаверу да сябе і сваіх дзеянняў.

У гэтай сітуацыі мы, беларускія праваабаронцы, павінны быць салідарныя і па ўсіх магчымых каналах праз усе магчымыя механізмы ўздымаць гэтае пытанне, прыцягваючы ўвагу да сітуацыі з Аленай Танкачовай з боку не толькі грамадзянскай супольнасці, але і ўсяго беларускага грамадства.

Да таго ж, мы будзем прыцягваць увагу сваіх калегаў-праваабаронцаў за мяжою, а таксама тых міжнародных структураў, сябрам якіх з’яўляецца Беларусь – АБСЕ, ААН, з тым, каб паказаць несправядлівасць рашэння беларускіх уладаў і паспрабаваць паўплываць нейкім чынам, каб яны змянілі сваё рашэнне і далі Алене Танкачовай магчымасць і надалей жыць у Беларусі”, - пракаментаваў сітуацыю Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, пытанне аб выдварэнні з тэрыторыі Беларусі Алены Танкачовай, кіраўніка Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, будзе вырашацца 5 лістапада.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства