Арыштаваны заснавальнік «Платформ інавэйшн»
Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Платформ інавэйшн» (раней – “Платформа”, ліквідаваная па рашэнні Гаспадарчага суду Менску ў 2012 годзе) Міхаіл Жамчужны арыштаваны ў Віцебску ў жніўні гэтага году, аднак інфармацыі аб прычынах ягонага арышту дагэтуль не было.
Пра арышт паведамляцца на сайце інфармацыйна-асветніцкай ўстановы «Платформ інавэйшн».
«Дагэтуль інфармацыі аб прычынах арышту Міхаіла Жамчужнага няшмат. Дакладна вядома, што крымінальная справа адносна яго пачатая па частцы 1 артыкула 375 (наўмыснае раскрыцьцё эканамічных, навукова-тэхнічных ці іншых зьвестак, якiя складаюць службовую тайну, асобай, якая мае або мела доступ да гэтых зьвестак). А таксама па частцы 2 артыкула 376 (незаконныя выраб або набыцьцё ў мэтах збыту або збыт спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», - піша Радыё “Свабода” .
Сябры «Платформ інавэйшн» дагэтуль ня маюць зьвестак пра тое, у зьвязку з чым Жамчужнаму прад’яўлены такія абвінавачваньні, а ў адваката ўзятая падпіска пра неразгалошваньне.
Міхаіл Жамчужны — колішні асуджаны па эканамічнай справе прадстаўнік «Платформ інавэйшн» ў Віцебску, а да зьняволеньня — дацэнт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, кандыдат тэхнічных навук.
Былы кіраўнік праваабарончай установы «Платформ інавэйшн» Андрэй Бандарэнка сёлета ў жніўні быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле артыкула аб злосным хуліганстве.