viasna on patreon

Суд не стаў на бок звольненага магілёўца Валадара Цурпанава

2014 2014-10-29T13:34:24+0300 2014-10-29T13:34:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/curpanau-valadar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

Суддзя Магілёўскага раённага суда палічыла, што вынесеныя яму кіраўніцтвам арматурнага завода вымова за парушэнне ўнутранага распарадку прадпрыемства і дэпрэміраванне цалкам палягаюць у рэчышчы працоўнага заканадаўства.

Паводле Валадара Цурпанава, падчас яго працы ў ААТ “Протас”, якому належыць арматурны завод у Магілёўскім раёне, было парушана яго права на свабоду думак і распаўсюд інфармацыі.

- Пасля таго, як я пачаў змагацца за свае працоўныя правы, а менавіта за тое, каб у рабочых былі душавыя, быў пакой для харчавання, выдавалася спецадзенне і г.д. я адчуў на сябе ўвагу адміністрацыі. Праз тры дні пасля таго, як я запісаў размову, якая адбывалася ў кабінеце юрыстаў і выклаў яе ў інтэрнэт, на заводзе выдалі Загад №16, які забараняў праносіць на тэрыторыю завода прылады, якія могуць здзяйсняць фота- і відэафіксацыю. У прыватнасці, гутарка ішла і пра мабільныя тэлефоны, - распавядае грамадскі актывіст.

Валадар Цурпанаў адзначае, што адразу пасля выхаду гэтага загаду ён стаў першай яго ахвярай.

- Мяне ў першы дзень пасля выдачы гэтага загаду пратрымалі на прахадной паўтары гадзіны. Прапусцілі на завод толькі тады, калі мой мабільны тэлефон перадалі зменнаму майстру. Пасля гэтага выпадку я перастаў браць з сабой мабільнік на працу, аднак працэдура асабістага дагляду мяне чакала кожную раніцу, - працягвае Валадар Цурпанаў.

Выхад падобнага загада адміністрацыя арматурнага завода патлумачыла абаронай камерцыйнай таямніцы. 

- Тым часам я лічу, што наймальнік у гэтым выпадку выйшаў за межы працоўных зносінаў. Лічу, што маё далейшае звальненне з прадпрыемства з’яўляецца палітычным і звязана з маёй прафсаюзнай і грамадска-палітычнай актыўнасцю, - кажа грамадскі актывіст. 

Нагадаем, што Валадар Цурпанаў апошнія некалькі гадоў працаваў зваршчыкам на арматурным заводзе. З ім была заключана бестэрміновая працоўная дамова. У сярэдзіне бягучага месяца-кастрычніка ён быў звольнены ў сувязі з тым, што нібыта нанёс матэрыяльныя страты наймальніку (адмовіўся выконваць распараджэнне майстра, якое парушала тэхналагічны працэс) і дысцыплінарную вымову (за спробу пранесці на тэрыторыю прадпрыемства мабільны тэлефон).

Рашэнне раённага суда грамадскі актывіст мае намер абскардзіць.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства