viasna on patreon

Актывіст скардзіцца на прыніжаючыя ўмовы ўтрымання ў салігорскім ІЧУ

2014 2014-10-25T15:52:54+0300 2014-10-25T15:52:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lemesh1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лемеш.

Уладзімір Лемеш.

Уладзімір Лемеш накіраваў скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрымання пад вартай у Салігорскім ізалятары часовага ўтрымання. Гэтыя ўмовы актывіст лічыць прыніжаючымі чалавечую годнасць.

Патрапіўшы пад пераслед у межах так званай справы “за чырвоную паласу”, 27 верасня Уладзімір Лемеш быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі каля свайго дому ў Салігорску. Цягам гадзіны ён быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Салігорскага РАУС, дзе знаходзіўся два дні да разгляду яго справы аб нібыта адміністрацыйным правапарушэнні судом.

Актывіст лічыць, што ўмовы ўтрымання ў ізалятары можна расцэньваць як катаванні, а таксама жорсткае, бесчалавечнае ці зневажаючае годнасць стаўленне і пакаранне.

- Ведаеце, нашыя ўлады разважаюць пра пераход эканомікі на шосты тэхналагічны ўклад і нанатэхналогіі, а ў салігорскім ізалятары ў камерах для сутачнікаў дагэтуль няма асобных ложкаў, няма тумабачкі для захавання гігіенічных прыладаў. Ёсць так званая драўляная “сцэна” і невялікі стол з лавай, якіх абсалютна не хапае на ўсіх зняволеных, каб нармальнага паесці. Падчас майго зняволення тэмпература ў камеры была не вышэй за 15 градусаў, а калі нехта закурваў, дык адразу ствараўся такі “кумар”, што было наўпрост цяжка дыхаць, - кажа Уладзімір Лемеш. - На 10-14 чалавек у камеры было толькі тры матрацы. Уначы месца на “сцэне” ўсім не хапала, усім даводзілася спаць бокам. Нехта клаўся каля ног, нехта спрабаваў спаць на лаўцы. Выспацца ў гэткіх умовах наўпрост немагчыма, раніцай у вас баліць галава, слабасць і стомленнасць, стан разбіты. Уначы гучна грала радыёкропка, і ахова далёка не заўсёды пагаджалася паменшыць гук.

Распавядаючы пра санітарныя ўмовы, актывіст не стрымлівае агіду. У камеры быў падлогавы ўнітаз з непрацуючым злівам. Ваду даводзілася наліваць у абрэзаную пластыкавую бутэльку і такім чынам змываць за сабой. Унітаз адмяжоўваўся ад астатняй камеры невялікай перагародкай, якая наўпрост не забяспечвала інтымнасць. Карыстанне туалетам адбываецца фактычна на вачах у сукамернікаў.

- Чытаць у камеры немагчыма. Два невялікіх акенцы пад столлю амаль не даюць дзённаму свету трапіць у памяшканне. У такім паўзмроку вочы пачынаюць балець і слязіцца. Прагулак на свежым паветры не было, і дыхаць цыгарэтным дымам прыходзілася 24 газіны на суткі. Сам я не палю, таму гэты з’едлівы дым быў сапраўдным выпрабаваннем. Кружыцца галава, закладае нос, з’яўляецца кашаль. У камеры быў чалавек з прыступамі алкагольнай белай гарачкі, аднак замест прадугледжанай правіламі ізаляцыі ў псіхатэрапеўтычным стацыянары яго лячэнне абмяжоўвалася ўколамі, - апісвае гэтыя дні ў ізалятары Уладзімір Лемеш. - Асобнае тэма -- гэта харчаванне ў салігорскім ізалятары. Сняданкаў там не было, але за два дні я мушу заплаціць поўны кошт у 150 тыяч рублёў. Пітной вады не давалі, ежа магла быць халоднай ці нясоленай, кубкі не выдаваліся. Гарбата і кісель наліваліся ў абрэзаныя пластыкавыя бутэлькі, якія таксама выкарыстоўваліся для змывання непрацуючага ўнітаза.

Усе гэтыя факты актывіст выклаў у сваёй скарзе ў пракуратуру Салігорскага раёна. Маладзён звяртае ўвагу, што ўмовы ўтрымання ў салігорскім ІЧУ парушаюць не толькі міжнародныя стандарты, але і ўласныя Правілы ўнутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. Уладзімір Лемеш патрабуе пракурорскага рэагавання на выкладзеныя факты і прызнання ўмоваў свайго ўтрымання бесчалавечнымі і прыніжачымі чалавечую годнасць. Таксама маладзён патрабуе ад пракуратуры звароту ў суд з пазовам у абарону яго правоў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства