viasna on patreon

Бяляцкі: Беларусь і Азербайджан абменьваюцца досведам пераследу актывістаў

2014 2014-10-24T15:34:44+0300 2014-10-24T15:34:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/a-bialiacki-003.jpg
Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі

Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі

Праваабаронца распавёў Еўрарадыё, як падвойныя стандарты краін ЕС у дачыненні да Азербайджана могуць распаўсюдзіцца і на Беларусь.

0

Улічваючы развіццё падзей ва Украіне і рэгіёне, на сённяшні дзень існуе небяспека таго, што працэс паляпшэння адносінаў Мінска з Бруселем можа ісці без структурных рэформ у Беларусі і без удзелу грамадзянскай супольнасці. Вельмі важна не дапусціць гэтай “азербайджанізацыі” сітуацыі ў Беларусі, лічыць кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Азербайджан — гэта краіна, дзе ёсць палітвязні і няма свабоднай прэсы і выбараў, аднак гэта не перашкаджае Азербайджану старшыняваць у Савеце Эўропы, арганізацыі, створанай для абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Больш за тое, у Азербайджане праходзяць масавыя арышты праваабаронцаў, якіх абвінавачваюць у здрадзе Радзіме ды нявыплаце падаткаў.

ЕўрарадыёЗ чым вы звязваеце пераслед азербайджанскіх праваабаронцаў?

Алесь Бяляцкі:Тут ёсць толькі версіі, бо ўлады ў Азербайджане, як і ў Беларусі, — гэта “чорная скрыня”, мы можам толькі здагадвацца, чаму адбываюцца тыя ці іншыя падзеі у нас і ў іх. Аднак можна сказаць, што сітуацыя ў Азербайджане катастрафічная, бо за апошні час затрыманыя, асуджаныя ці знаходзяцца ў следчых ізалятарах усе вядомыя праваабаронцы, усе, хто не пайшоў на згоду з уладамі Азербайджана або не ўцёк за мяжу. Гэты пераслед, гэты ціск аказваецца ў складзе больш шырокай кампаніі пераследу грамадскіх актывістаў у Азербайджане, таму што за апошнія два гады, паводле розных падлікаў, былі арыштаваныя некалькі дзясяткаў чалавек, і цяпер у турмах знаходзяцца каля 100 палітычных зняволеных. Самі азербайджанскія праваабаронцы, якія могуць гаварыць, якія знаходзяцца за мяжой, кажуць, што гэта адбываецца для таго, каб спыніць крытыку азербайджанскага ўраду перад так званымі Еўрапейскімі Алімпійскімі гульнямі, якія збіраюцца правесці ў 2015 г. у Азербайджане. Ну, але я на гэта гляджу трошкі ў шырэйшым разуменні: мне здаецца, што Ільхам Аліеў, прэзідэнт Азербайджана, вырашыў цалкам падпарадкаваць незалежныя няўрадавыя арганізацыі, незалежную прэсу, яшчэ больш абмежаваць дзейнасць дэмакратычных палітычных партый — вось такі ідзе наступ на тыя невялікія дэмакратычныя асяродкі, якія дасюль працавалі ў Азербайджане. Гэта звязана з яго жаданнем замацаваць непадзельную, фактычна дыктатарскую ўладу ў Азербайджане.

ЕўрарадыёПравабарончы цэнтр “Вясна” адразу адрэагаваў на пераслед азербайджанскіх праваабаронцаў, і вы выступілі за санкцыі супраць Азербайджана з боку Еўропы. Але цяпер цікавыя падзеі развіваюцца у нашым рэгіёне, дзе Азербайджан можа выступіць гульцом, маючы рэсурсы, тую ж саму нафту, каб стаць альтэрнатывай Расіі і разыграць карту Украіны. Улічваючы напружаную сітуацыю ў нашым рэгіёне, можа, ўсё ж не варта заклікаць да санкцый?

Бяляцкі: Асноўны наш пасыл — гэта не толькі санкцыі, але неданне ўвагі і арганізацыя міжнароднага ціску ўсімі магчымымі спосабамі на Азербайджан дзеля вызвалення палітзняволеных. Гэтае кола мераў можа быць вельмі шырокае. Улічваючы, што Азербайджан з’яўляецца ўдзельнікам Савета Еўропы, іншых міжнародных структур, то такія магчымасці ёсць, і мы звярталіся з просьбай да міжнароднай супольнасці аказаць ціск менавіта з мэтай вызвалення з турмаў палітзняволеных.

ЕўрарадыёКалі ўлічваць, што паміж Азербайджанам і Арменіяй можа ўзнікнуць новы віток ваеннага ці іншага канфлікту, а Расія заўжды на баку Арменіі, то Азербайджан можа стаць чарговым галаўным болем для Пуціна пасля Украіны?

Бяляцкі: Ведаеце, тут цяжка меркаваць пра палітычныя расклады, але для нас відавочна, што няма апраўдання для пераследу ўнутранай дэмакратычнай апазіцыі, сыходзячы са знешніх цяжкасцяў для дзяржавы. Такіх апраўданняў няма. І тое, што азербайджанскія ўлады выкарыстоўваюць гэта ў прапагандысцкіх мэтах, спрабуючы аб’яднаць народ вакол дзяржаўнасці, але без дэмакратычных сілаў, без той часткі грамадскасці, якая падтрымлівае дэмакратыю, правы чалавека, еўрапеізацыю шляху Азербайджана — мы лічым гэта непрымальным. Гэта не патрэбна ні азербайджанцам, ні Еўропе, ні свету. Ну а чаму мы звяртаем на гэта асаблівую ўвагу — таму што паралелі паміж сітуацыяй у Беларусі і Азербайджане праводзяцца даволі лёгка. І вельмі часта нашы ўлады абменьваюцца досведам пераследу актывістаў.

ЕўрарадыёАдно з абвінавачанняў, выстаўленых азербайджанскім правабаронцам — гэта той самы артыкул, па якім Вы сядзелі за кратамі — ухіленне ад падаткаў. Выходзіць, што недэмакратычныя рэжымы сапраўды пераймаюць досвед. Яшчэ ёсць там адзін артыкул — здрада Радзіме, сапраўды сур’ёзны артыкул. Як Вы лічыце, ці сапраўды ўлады Азербайджана пойдуць так далёка?

Бяляцкі: Гэта абвінавачанні, сапраўды прыцягнутыя за вушы, неверагодна, каб азербайджанскія праваабаронцы раптам у такой колькасці пачалі здраджваць Радзіме.

ЕўрарадыёНа вашу думку, што будзе далей: ЕС сапраўды (можа, і не толькі ЕС) мае нейкія магчымасці, каб паўплываць на кіраўніцтва Азербайджана, каб праваабаронцы былі вызваленыя. Бо сапраўды цяжка паверыць, што праваабаронцы масава пачалі здраджваць Радзіме.

Бяляцкі: Ну, сапраўды можна пачуць і ад нашых уладаў, што беларускія грамадскія актывісты — ворагі, пятая калона. Усё гэта не новае, усё гэта мы праходзілі, чыталі яшчэ і ў савецкія, і ў сталінскія часы. Мне здаецца, што небяспека сітуацыі ў падвойных стандартах ЕС, і не толькі ЕС, у ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Азербайджане. Стратэгічныя інтарэсы ЕС і Амерыкі, расцэньванне Азербайджана як партнёра стаяць на першым месцы, а ўнутраная сітуацыя, гэтая жахлівая сітуацыя з пераследам грамадзянскіх актывістаў, адыходзіць некуды на другі-трэці план. Вось гэтага не павінна быць, тут павінен быць адзіны падыход і адзіныя стандарты да ўсіх краін. Мы турбуемся, каб гэтыя стандарты не распаўсюдзіліся і на беларускую сітуацыю. Таму што ў нас сёння патрабаванне вызвалення палітвязняў стаіць на першым месцы, і не хацелася б, каб яно адсоўвалася некуды далей, а развіваліся далейшыя кантакты ЕС і Беларусі без выканання гэтых патрабаванняў.

Еўрарадыё: Цяпер атрымалася, што рэжым мае на руках козыры, бо адбываюцца гэтак званыя Мінскія перамовы аб перамір’і ў канфлікце ва Украіне, і гэта такое акно ў Еўропу для рэжыма. Як вам здаецца, ці не забудзецца Еўропа пра тое, што ў нашай краіне застаюцца палітвязні?

Бяляцкі: Я ўжо казаў, выступаючы на форуме ў Празе, што беларускі бок нельга разглядаць, як нейтральную пляцоўку для падобных перамоваў. І ніякіх дасягненняў і змякчэнняў з боку беларускіх уладаў не бачна, таму што Беларусь з’яўляецца прамым вайсковым саюзнікам Расіі. І недарэчна гаварыць пра нейтральную пляцоўку, калі мы маем расійскія вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі і патэнцыйную пагрозу ад іх для нашых суседзяў.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы «Кардыяграма»

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства