viasna on patreon

Мазырскі пракурор лічыць пазіцыю суда законнай

2014 2014-10-23T11:30:15+0300 2014-10-23T11:30:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prakurory.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун атрымаў адказ з мясцовай пракуратуры. 9 кастрычніка ён звярнуўся туды з просьбай здзейсніць нагляд за законнасцю і абгрунтаванасцю судовага рашэння па яго скарзе. Нагодай для звароту ў інстанцыю сталі сумненні заяўніка ў тым, што рашэнне, прынятае судом Мазырскага раёна, з'яўляецца кампетэнтным, справядлівым і бесстароннім. У судзе праваабаронца абскарджваў адмову выканкаму на правядзенне пікету. «Я звяртаў увагу пракуратуры таксама на тое, што рашэнні суду мне выдалі на рускай мове, хоць я і даваў тлумачэнні на паседжанні на беларускай мове. Па сутнасці пікетаванне – гэта публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых ці іншых інтарэсаў альбо пратэсту. А якое публічнае выказванне магчыма ажыццявіць на стадыёнах «Спартак» і «Палессе», якія агароджаныя высокімі платамі?», - патлумачыў Уладзімір Целяпун.

На судзе ён двойчы заяўляў хадайніцтва, каб судовыя паседжанні і рашэнне па скарзе праводзілася і было прадстаўлена на дзяржаўнай беларускай мове. Суд не задаволіў хадайніцтва і не прадставіў па ім пісьмова вызначэння і рашэння.

Адказ, падпісаны пракурорам Ігарам Купчыным, быў лаканічным: падстаў для вынясення пратэсту няма, Канстытуцыяй прадугледжаны дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская, гэта распаўсюджваецца і на судовае справаводства.

Уладзімір Целяпун лічыць, што адказу па сутнасці з пракуратуры ён не атрымаў. «Як забяспечыць публічнасць масавага мерапрыемства на закрытай, агароджанай плотам тэрыторыі, якімі з’яўляюцца стадыёны – пракуратура мне не патлумачыла. З артыкула 16 ГПК пракурор спасылаецца толькі на першую частку і ігнаруе трэцюю частку дадзенага артыкулу, дзе напісана, што «судовыя дакументы ва ўсталяваным парадку ўручаюцца юрыдычна зацікаўленым у выніку справы асобам па іх выбару на мове судовага справаводства альбо на мове, якой гэтыя асобы карысталіся ў гэтым працэсе», - звяртае ўвагу праваабаронца.

Ён нагадвае, што ў 2011-2012 гадах яго довады ў судзе былі выкладзеныя потым у рашэннях па-беларуску. «Што змянілася ў 2014 годзе? Які вірус напаў на чыноўнікаў у мантыі і форме пракурора? Большасць чыноўнікаў пры ўладзе нарадзілася ў Беларусі, другіх Беларусь прытуліла – дала працу, жытло, пасаду. І вось якая ўдзячнасць з боку гэтых чыноўнікаў з абмежаванымі здольнасцямі да Беларусі, яе беларускамоўных грамадзян», - дадаў суразмоўца.

Па яго словах, беларускія чыноўнікі чамусьці спрэс надаюць перавагу адной, рускай мове, і нахабна, з ігнараваннем закона адмаўляюцца ўжываць беларускую мову. «Вірус моўнага сепаратызму», - такі дыягназ паставіў чыноўнікам Уладзімір Целяпун.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства