Гродна: адміністрацыйная справа прыпынена, але ноўтбук не вяртаюць
Вольга Крапоціна з Гродна атрымала фармальны адказ на свой зварот з упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкаму. У ім гаворыцца, што забраная ў яе міліцыяй 19 верасня друкаваная прадукцыя накіравана на экспертызу, справа пра адміністрацыйнае правапарушэнне пакуль прыпыненая. Аднак у афіцыйным лісце зусім не згадваецца пра забраны ў інтэрнацкім пакоі Крапоцінай падчас так званага агляду памяшкання ноўтбук яе суседкі. У сваім ранейшым звароце Крапоціна прасіла вярнуць гэты беспадстаўна забраны кампутар.
Нагадаем, што 19-га верасня міліцыя затрымала Вольгу Крапоціну ў цэнтры гораду і забрала ў яе 17 улётак з тэкстам “Верните Крым! Руки прочь от Украины” і “Ганьба здраднікам Радзімы з “трыкалорам” у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як уздыме на штыках!”. Крапоціну тады трымалі пару гадзін у РАУСе, а потым у месцы яе жыхарства правялі ператрус.