viasna on patreon

Праваабаронца Тамара Чыкунова ў Гомелі: сваім раўнадушшам мы даём згоду на ўзаконенае забойства (відэа)

2014 2014-10-09T08:53:12+0300 2014-10-09T12:07:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gomel_smiarotnae_tydzenj_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка, Тамара Чыкунова і Тамара Сялюн.

Леанід Судаленка, Тамара Чыкунова і Тамара Сялюн.

8 кастрычніка ў Гомелі праваабаронцы зладзілі сустрэчу ў межах «Тыдня супраць смяротнага пакарання», удзел у якой прынялі маці прысуджаных да смерці: заснавальніца грамадскага аб'яднання «Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў» (Узбекістан) Тамара Чыкунова, жыхарка Вілейкі Тамара Сялюн і гамяльчанка Вольга Грунова. У дачыненні да Паўла Селюна быў выкананы смяротны прысуд. Аляксандр Груноў прысуджаны да выключнай меры пакарання і зараз знаходзіцца ў камеры смяротнікаў.

Сустрэча пачалася з таго, што Тамара Чыкунова і Тамара Сялюн выказалі словы салідарнасці і падтрымкі Вользе Груновай, параіўшы не адчайвацца і змагацца супраць смяротнага пакарання. Сваім досведам падзялілася з прысутнымі заснавальніца ва Узбекістане грамадскага аб'яднання «Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў», сын якой быў нявінна пакараны расстрэлам. А папярэднічалі гэтаму – катаванні, здзекі, шантаж, пагрозы з боку следчых. Здзекі і катаванні прымяняліся да сына Тамары Чыкуновай як спосаб выбівання патрэбных паказанняў, а да маці абвінавачваемага – як спосаб шантажу яе сына. «Яго паставілі на калені, прыставілі да скроні пісталет, патрабавалі падпісаць прызнанне ў забойстве. Ён не згадзіўся. Тады следчыя далі яму тэлефон, дзе ён пачуў, як нада мной здзекуюцца, і як я крычу. І ён падпісаў сабе смяротны прысуд, прызнаўся ў забойстве, якое не здзяйсняў», - распавяла маці. Потым было следства, суд – і расстрэл. У апошняй запісцы сын напісаў Тамары, што нікога не забіваў, што моцна яе любіць, і просіць памятаць яго.

Тамара Чыкунова як адказ на гэтыя апошнія напісаныя словы сына стварыла арганізацыю супраць смяротнага пакарання. «І яшчэ 22 разы я прайшла праз смерць – смерць тых, каго мы не паспелі ўратаваць», - зазначыла жанчына. Яна стала маці для тых, хто чакаў выканання прысуду ў камеры смяротнікаў. Дзякуючы арганізацыі «Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў» былі ўратаваныя ад смерці больш за сто чалавек, 21 ўжо зараз на свабодзе. «І ніводзін з іх не стаў пасля гэтага на шлях злачынства, ніводзін», - падкрэсліла праваабаронца.

Дзякуючы намаганням грамадскага аб'яднання, смяротнае пакаранне было адменена, і не толькі ва Узбекістане, але і суседніх краінах. Ва Узбекістане 58 прысуджаных да смерці засталіся жывыя, прычым толькі 12 з іх атрымалі такое пакаранне, як пажыццёвае зняволенне. У Кыргызстане на момант адмены смяротнага пакарання ў камерах смяротнікаў знаходзіліся 160 чалавек.

«Каштоўнасць жыцця не залежыць ад таго, колькі ў цябе грошай у кашальку, якой ты нацыянальнасці, якую ролю займаеш у грамадстве. Жыццё – бясцэнны дар, які даецца нам ад нараджэння. Мэта крымінальнага пакарання – дзейснае раскаянне. А пра якое дзейснае раскаянне можа ісці гаворка, калі чалавека забіваюць – імем дзяржавы?», - звярнула ўвагу Тамара Чыкунова.

Яна заклікала ўдзельнікаў сустрэчы не быць раўнадушнымі, бо раўнадушша – гэта духоўная смерць. «Сваім раўнадушшам мы даём згоду на ўзаконенае забойства», - упэўнена жанчына.

Прынцыповая пазіцыя Тамары Чыкуновай у барацьбе за адмену смяротнага пакарання атрымала заслужаную пашану - за сваю праваабарончую дзейнасць яна стала лаўрэатам 11 міжнародных прэмій, у тым ліку ўганараваная французскім Ордэнам Ганаровага Легіёна. Разам з тым, ва Узбекістане яе дзейнасць не выклікала апладысменты ва ўлады – ёй неаднаразова пагражалі, абяцалі «закатаць у асфальт» каля ташкенцкай турмы.

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі паглядзелі фільм «Убыл по приговору», падрыхтаваны беларускімі праваабаронцамі.

Праваабаронца Тамара Чыкунова ў Гомелі: сваім раўнадушшам мы даём згоду на ўзаконенае забойства (відэа)
Пад час сустрэчы ў Гомелі маці, чые дзеці асуджаныя да смяротнага пакарання.
Пад час сустрэчы ў Гомелі маці, чые дзеці асуджаныя да смяротнага пакарання.
Пад час сустрэчы ў Гомелі маці, чые дзеці асуджаныя да смяротнага пакарання.
Тамара Чыкунова і Вольга Грунова

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства