Суддзя Ганна Лявусік аштрафавала журналіста Андрэя Мялешку
7 кастрычніка ў Гродзенскім раённым судзе працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы журналіста-фрылансера Андрэя Мялешкі. Працэс пачаўся са спазненнем на 15 хвілін, паколькі суддзя Ганна Лявусік была задзейнічана ў разглядзе іншай справы. Андрэй Мялешка заключыў пагадненне з адвакатам – яго інтарэсы прадстаўляў абаронца Андрэй Шчапяткоў. На судовае паседжанне таксама быў выкліканы ў якасці сведкі загадчык кафедры батанікі Гродзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Алег Созінаў. Менавіта яго каментар, які ён даў Андрэю Мялешку падчас экалагічнага семінару 26 жніўня, стаў падставай для супрацоўнікам міліцыі пачаць адміністрацыйную справу адносна незалежнага журналіста. У той дзень у будынку сельскага клубу вёскі Канюхі праходзіў навуковы семінар, прысвечаны заказніку “Нёманская Свіслач”, у час перапынку Мялешка запісаў каментар навукоўца Созінава. Пазней фрагмент гэтага каментара быў размешчаны на інтэрнэт-сайце Беларускага Радыё Рацыя, а таксама на некаторых іншых інтэрнэт-рэсурсах.
Інспектар Кастрычніцкага РАУС г. Гродна Курпік, які ажыццяўляў маніторынг інтэрнэт-сайтаў, угледзеў у размешчаным матэрыяле на старонцы Беларускага Радыё Рацыя правапарушэнне. А старэйшы ўчастковы інспектар Піцко склаў пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. У пратаколе, які складаўся ў адсутнасць Мялешкі, было адзначана, што ён «принял интервью».
Пры распачынанні адміністрацыйнай справы быў дапушчаны цэлы шэраг працэсуальных парушэнняў, на што на працэсе звяртаў увагу адвакат журналіста. У матэрыялах справы ўвогуле не знайшлося нічога, што б даказвала віну Андрэя Мялешкі. Тым не менш, чарговы раз артыкул 22.9 частка два (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі) КаАП быў ужыты ў адносінах да яго. Суддзя Ганна Лявусік не ўзяла пад увагу ні парушэнні і юрыдычную непісьменнасць з боку міліцыі, ні адсутнасць доказаў віны Андрэя Мялешкі, ні неадпаведнасць адміністрацыйнага артыкулу сутнасці рэчаў і пакарала незалежнага журналіста адміністрацыйным штрафам – 35 базавых велічыняў, што на сёння складае 5 мільёнаў 350 тысяч беларускіх рублёў. Мясцовыя праваабаронцы расцэньваюць такое рашэнне суддзі Лявусік як палітычна матываванае і неадпаведнае заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
На Гродзеншчыне гэта ўжо чацвёрты штраф паводле гэтага адміністрацыйнага артыкулу, вынесены журналістам-фрылансерам. Раней па аналагічных справах былі аштрафаваныя Алесь Дзянісаў, Алесь Залеўскі і той жа Андрэй Мялешка.