Сяргей Балай: Я стаўлю пытанні, на якія кожны мусіць адказаць сам
Перад адкрыццём фотавыставы “Вышэйшая мера”, героі якой – маці расстраляных, яе аўтар, фатограф Сяргей Балай даў інтэрв’ю сайту Праваабарончага цэнтру "Вясна".
- Сяргей, як з’явілася ідэя менавіта такой выставы?
Сяргей Балай: Ідэя зрабіць фотапраект на тэму смяротнага пакарання з’явілася ў 2013 годзе, але павінен быў прайсці час, каб сфармавалася пэўная канцэпцыя, ідэя падачы матэрыялу. Галоўным штуршком стала тое, што паводле незалежных сацыялагічных даследванняў, якія рабілі расейскія сацыёлагі ў 2012-2013 годзе, больш за палову беларусаў упэўненыя, што ў нашай краіне дзейнічае мараторый на смяротнае пакаранне. Да таго ж, ужо падчас рэалізацыі праекту, размаўляючы са сваякамі расстраляных, я даведаўся што і яны да таго моманту, пакуль не здарылася непапраўнае, былі ўпэўненыя, што смяротнага пакарання ў нашай краіне няма.
- Ці не было страху, што ваша праца можа выклікаць негатыўную рэакцыю, што Вам скажуць: “Вы абараняеце забойцаў”?
Сяргей Балай: Страху не было, бо перадусім я хацеў расставіць кропкі для сябе самога. Тым больш, тэма “вышэйшай меры” у грамадстве своеасабліва табуявана, пры тым што інфармацыі аб смяротным пакаранні не так багата і сярэднестатыстычны беларус задумваецца пра гэта толькі ў надзвычайных выпадках. Тым больш з уласнай журналісцкай працы маю досвед, калі значна менш рэзанансныя матэрыялы выклікалі шмат абурэнняў і самыя процілеглыя меркаванні. Да таго ж я не абараняю забойцаў (а дзяржава, якая бярэ на сябе права выконваць прысуд, таксама выступае ў падобнай ролі), а я стаўлю пытанні, на якія кожны мусіць адказаць сам.
- Як Вам далася праца над такой псіхалагічна цяжкай тэмай? Ці быў нейкі інсайт, прасвятленне? Ці адкрылася нешта новае?
Сяргей Балай: Працаваць сапраўды было цяжка, бо я вельмі эмацыйны і сентыментальны чалавек, да таго ж блізка ўспрымаю бяду іншых людзей. Але я выдатна разумеў, што гэта таксама новы досвед, у тым ліку і маральнага кшталту. Пад час працы з маімі героямі і месцамі я адкрыў шмат новых акалічнасцяў і відавочна, што на гэтай выставе праект не спыніцца, будзе развівацца далей, бо тэма сапраўды патрабуе вельмі глыбокага даследвання.
- Што перашкаджала і хто (ці што?) дапамагала вам у ажыццяўленні творчай задумкі?
Сяргей Балай: Перашкаджала тое, што грамадства, час, стан рэчаў вельмі азлобілі шмат каго са сваякоў пакараных смерцю і людзі закрыліся ў сваім болі, як чарапаха ў панцыры. Выцягнуць іх на размову, не кажучы пра фатаграфаванне, было часам няпроста. Дапамагала тое, што сярод гэтых людзей ўсё ж знайшліся тыя, хто праз боль дапамог ажыццявіць маю задумку, адчуваючы ўласную спрычыненасць да агульнай справы адыходу ад смяротнага пакарання.
- Што бы Вы маглі сказаць прыхільнікам смяротнага пакарання?
Сяргей Балай: Думаю, што прыхільнікам смяротнага пакарання варта задумацца, чаму супраць вышэйшай меры, як правіла, выступаюць людзі сталага ўзросту і жыхары так званай правінцыі? Можа, таму, што пражыўшы жыццё, разумееш, што няма нічога больш каштоўнага за яго. И нават помста за злачынства не з’яўляецца падставай, каб адбіраць жыццё ў чалавека. У любым выпадку, кожны павінен сам адказваць на такія пытанні. І задаваць іх сабе, натуральна, бо ў такіх пытаннях хаваецца грамадзянская адказнасць кожнага з нас: ці гатовы асобны чалавек браць на сябе адказнасць за тое, што ад яго імя будзе пазбаўлены жыцця хай сабе і злачынец. Не варта забывацца і пра магчымасць судовай памылкі.