Разгляд адміністрацыйнай справы Андрэя Мялешкі працягнецца 7 кастрычніка
2 кастрычніка ў Гродзенскім раённым судзе пачаўся судовы працэс па адміністрацыйнай справе журналіста-фрылансера Андрэя Мялешкі. Яго вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі паводле артыкулу 22.9 ч. 2 КаАП.
Пачатак судовага працэсу, які вядзе суддзя Ганна Лявусік, доўжыўся толькі 5 хвілін. Андрэй Мялешка заявіў хадайніцтва пра магчымасць азнаямлення з матэрыяламі справы і заключэння дамовы з адвакатам, якое было задаволена. Працэс працягнецца ў аўторак 7 кастрычніка а 11-й гадзіне.
Мясцовыя праваабаронцы зазначаюць, што гэта ўжо чацвёртая аналагічная справа ў Гродзенскай вобласці супраць журналістаў, якія супрацуюць з незалежнымі медыямі – Беларускім Радыё Рацыя і тэлеканалам “Белсат”. Раней паводле гэтага артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу былі аштрафаваныя судом Ленінскага раёну Гродна Алесь Дзянісаў, судом Карэліцкага раёну – Алесь Залеўскі і судом Кастрычніцкага раёну Гродна той жа Андрэй Мялешка. Журналісты і праваабаронцы разглядаюць такую тэндэнцыю як парушэнне канстытуцыйных правоў і фактычную забарону на прафесію.