Суд прызнаў законным адлічэнне з універсітэта Андруся Цянюты
1 кастрычніка суд Цэнтральнага раёну Гомеля вынес рашэнне па зыску адлічанага студэнта, сустаршыні «Маладога фронту» Андруся Цянюты да ГДУ ім.Ф.Скарыны. Малады чалавек быў адлічаны 20 траўня па загаду рэктара ВНУ, лічыць яго незаконным і патрабаваў аднаўлення ва ўніверсітэце праз суд.
Суддзя Вольга Казлова вынесла 1 кастрычніка рашэнне: у задавальненні скаргі адмовіць. На якой падставе – пакуль невядома, бо заяўнік яшчэ не атрымаў на рукі матывацыйную частку рашэння суда. Андрусь Цянюта заявіў, што будзе абскарджваць рашэнне ў вышэйстаячай інстанцыі, бо не згодны з ім. «Калі справа тычыцца палітыкі, хоць прама, хоць ускосна – суд заўсёды займае бок дзяржавы. Але думаю, што варта абскардзіць рашэнне суда хаця б для таго, каб універсітэт ведаў, што пасля адлічэння студэнтаў за палітыку адміністрацыя ВНУ будзе вымушана ў судзе даказваць сваю рацыю», - пракаментаваў сустаршыня «МФ».
Яго адвакат, Петр Барысаў, выказаўся, што пры адлічэнні быў парушаны парадак, які вызначаны Кодэксам аб адукацыі, і ўніверсітэт спасылаецца на парушэнне студэнтам Правіл унутранага распарадку універсітэту, хоць адміністрацыйныя правапарушэнні студэнтам былі здзейсненыя па-за сценамі ВНУ і не ў час вучобы. Былы студэнт таксама лічыць, што Правілы ўнутранага распарадку не распаўсюджваліся на яго жыццядзейнасць у час, калі ён быў не на сесіі, і калі ён знаходзіўся па-за межамі ўніверсітэту.
Сустаршыня «МФ» звярнуў увагу, што не ўпершыню з ГДУ ім.Ф.Скарыны адлічаюць актывістаў і прывёў прыклады Зміцера Жалезнічэнкі, Станіслава Буллы і Наталлі Самсонавай. Дарэчы, Зміцер Жалезнічэнка быў студэнтам-выдатнікам, не меў ніякіх заўваг па вучобе і наведванні, тым не менш, быў адлічаны з ВНУ. Пасля гэтага ён паспяхова скончыў іншае ВНУ, прычым за мяжой.
Прадстаўнік ГДУ ім.Ф.Скарыны, начальнік юрыдычнага аддзелу ВНУ Валеры Нядоступ даводзіў на паседжанні, што наогул скарга адлічанага студэнта не падлягае разгляду ў судзе, таму што заяўнікам нібыта прапушчаны тэрмін абскарджвання, на якое адводзіцца месяц. Андрусь Цянюта быў адлічаны у канцы траўня 2014 года. Разам з тым, у чэрвені ён звяртаўся са скаргай у суд, але суд не прыняў скаргу, параіўшы перш звярнуцца ў Міністэрства адукацыі. Міністэрства прызнала адлічэнне законным, і таму адлічаны студэнт усё ж звярнуўся ў суд.
Нагадаем, Андрусь Цянюта ў траўні 2014 года быў адлічаны з ГДУ ім.Ф.Скарыны, дзе ён навучаўся на трэцім курсе завочнага аддзялення па спецыяльнасці «Правазнаўства». Афіцыйная фармулёўка падпісанага рэктарам загаду аб адлічэнні: «за сістэматычныя супрацьпраўныя дзеянні ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі і правіламі ўнутранага распарадку». Маецца на ўвазе прыцягненне актывіста да адміністрацыйнай адказнасці – арышту на 10 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Сам актывіст лічыць затрыманне і арышт прэвентыўнымі мерамі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Нагадаем, перад пачаткам Чэмпіянату свету па хакеі дзесяткі актывістаў апазіцыі трапілі за краты па абвінавачаннях у дробным хуліганстве ці непадпарадкаванню міліцыі.