У Бабруйску звольнілі актывістаў, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы пратэсту
З Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў звольненыя двое сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага — наладчыкі Аляксандар Варанкін і Аляксандар Грамыка. Фармальная прычына — сканчэньне тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту. Працаўнікі ж лічаць, што звольнілі іх за прыналежнасьць да незалежнага прафсаюзу.
Старшыня завадзкой суполкі прафсаюза Міхаіл Кавалькоў заяўляе, што звольнілі актывістаў, ігнаруючы іх кваліфікацыю і вытворчую неабходнасьць. Супраць звальненьня, кажаМіхаіл Кавалькоў, выступала кіраўніцтва цэху, дзе працавалі наладчыкі, але адміністрацыя прадпрыемства вырашыла не падаўжаць зь імі кантрактаў.
Абодва актывісты ўдзельнічалі ў галадоўцы пратэсту супраць дыскрымінацыі на прадпрыемстве паводле прафсаюзнай прыналежнасьці. Яна адбылася ў сакавіку і доўжыла трое сутак.
Паводле Міхаіла Кавалькова, толькі за гэты год з заводу звольненыя шасьцёра сябраў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Фармальная прычына звальненьня тая ж — сканчэньне тэрміну дзеяньня працоўных кантрактаў.