Магілёўскія ўлады спрабуюць закрыць праваабарончы цэнтр
Адзіная ў краіне зарэгістраваная рэгіянальная праваабарончая арганізацыя апынулася на мяжы закрыцця па надуманых, як лічаць праваабаронцы, прычынах.
У аўторак, 23 верасня, у Магілёўскім абласным судзе адбылося першае пасяджэнне з патрабаваннем прыпыніць на тры месяцы дзейнасць "Магілёўскага праваабарончага цэнтра" (МПЦ). У пазове ўпраўлення юстыцыі гаворыцца, што аб'яднанне "ня прадстаўляла ў вызначаны час дакументы, неабходныя для рэгістрацыі зменаў юрыдычнага адрасу". У сувязі з гэтым грамадскаму аб'яднанню былі вынесеныя два папярэджаньні, якія не былі абскарджаны, выяўленыя парушэнні не выпраўленыя, - піша Deutsche Welle
Квадратныя дэцыметры
За гэтымі фармулёўкамі, перакананы старшыня праўлення МПЦ Барыс Бухель, крыецца фактычна кур'ёз. На дадзены момант, тлумачыць ён, МПЦ зарэгістраваны ў памяшканні, заяўленая плошча якога складае 17 квадратных метраў, па меншай меры, гэта тое, што праваабаронцы паказалі ў дакументах. Пазней супрацоўнікі ўпраўлення юстыцыі ўсталявалі, што рэальная плошча памяшкання па пашпарце складае 17,3 квадратных метра і загадалі заснавальнікам арганізацыі ўнесці выпраўленні ў дакументы.
Была дапушчана тэхнічная памылка, якую лёгка было б выправіць, кажа Барыс Бухель, але далейшыя падзеі здзівілі праваабаронцаў яшчэ больш. Гаспадар памяшкання, які спачатку пагадзіўся даць прытулак няўрадавай арганізацыі, пасля вяртання дакументаў з упраўлення юстыцыі адмовіўся паўторна падпісваць дадатак да дамовы з падкарэктаванымі параметрамі офіса.
"Настойлівыя рэкамендацыі"
Дырэктар МПЦ Уладзімір Краўчанка сцвярджае, што пазіцыя ўладальніка памяшкання змянілася пасля таго, як ён атрымаў "настойлівыя рэкамендацыі" зверху, намякаючы на ціск мясцовых уладаў. "Пасля візіту супрацоўнікаў упраўлення юстыцыі яго папярэдзілі, што яшчэ пажарныя хочуць з ім пагутарыць і работнікі санстанцыі", - сцвярджае Краўчанка.
Нягледзячы на абсурднасць сітуацыі, ўладальнік не хоча ўносіць змены ў дакументы, што нядзіўна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, кажа Бухель. Нешта падобнае ён перажыў у 2009 годзе, калі МПЦ і шэраг іншых НДА былі пазбаўленыя льгот па аплаце арэнды за год да пачатку выбарчай кампаніі.
Рэальную прычыну ціску на МПЦ праваабаронца бачыць у тым, што арганізацыя даўно і эфектыўна займаецца назіраннем на выбарах. "У Магілёве 153 выбарчыя ўчасткі і мы гатовыя выставіць 153 назіральнікі дзякуючы нашай рэгістрацыі", - адзначае Бухель. У дадзены момант заснавальнікі арганізацыі рыхтуюцца да чарговага судовага паседжання, прызначанага на 30 верасня. Аднак на зыход справы ў сваю карысць яны не разлічваюць. Калі ў трохмесячны тэрмін МПЦ не зможа знайсьці новае памяшканьне, то наступны пазоў будзе пададзены ўжо аб ліквідацыі гэтага грамадскага аб'яднання.