viasna on patreon

Бабруйск: Марына Малчанава аштрафавана на 32 базавыя велічыні

2014 2014-09-26T00:00:55+0300 2014-09-26T10:57:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malchanava-maryna-babrujsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бабруйская суддзя Наталля Чарапуха агучыла 25 верасня рашэнне па справе незалежнай журналісткі Марыны Малчанавай. Нагадаем, яе абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Судовае пасяджэнне пачалося з апытання бабруйскага міліцыянта Аляксея Ганчарова. Ён выступіў у якасці сведкі, бо ўдзельнічаў у "аглядзе месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння". То бок, прысутнічаў у кабінеце падпалкоўніка Сяргея Рудзько падчас прагляду сайта тэлеканала "Белсат".

Аляксей Ганчароў паведаміў, што матэрыял на сайце быў зроблены ў форме дыялога, яны яго скапіравалі і ўклалі ў пратакол. Суддзя пацікавілася, з якой мэтай праводзіўся агляд.

- Мяне папрасілі папрысутнічаць, для чаго -- я не ўдакладняў, - патлумачыў міліцыянт.

Марына Малчанава зноў падала хадатайніцтва, на гэты раз пісьмовае, датычнае матэрыялаў карэліцкага суда над журналістам Алесем Залеўскім, і суддзя зноў яго адхіліла. Адвакатка папрасіла далучыць гэтае хадатайніцтва да матэрыялаў справы, Наталля Чарапуха пагадзілася.

Марына Малчанава зноў дала тлумачэнні наконт размовы з гераіняй рэпартажу пра дабрачынны рух. Суддзя зачытала запыт Сяргея Рудзько ў Міністэрства замежных спраў, і адказ адтуль. Таксама яна зачытала запыт гэтага міліцыянта ў краснапольскую міліцыю з просьбай апытаць гераіню рэпартажа.

Быў зачытаны і пратакол размовы ўчастковага Уладзіміра Басянкова з гераіняй рэпартажа. Гэты міліцыянт мусіў прысутнічаць на судовым пасяджэнні ў якасці сведкі, але не прыехаў. Ён патлумачыў, што на гэты дзень у яго дзяржуства на працы. З рапарта Басянкова вынікае, што ён паказаў гераіні рэпартажу тры фотаздымкі жанчын, сярод якіх было пашпартнае фота Марыны Малчанавай, і па ім яна апазнала журналістку.

Адвакатка Марыны Малчанавай патлумачыла суду, што яе падабаронная не можа быць пакараная па артыкуле, парушэнне якога ставіцца ёй у віну. Яна адзначыла, што Малчанава - фізічная асоба, а артыкул 22.9 КаАП прадугледжвае пакаранне юрыдычных асоб. Таксама яна патлумачыла, у чым розніца паміж гатовай прадукцыяй, якая з'яўляецца ў СМІ, і зборам матэрыялаў, нагадала пра 34 артыкул Канстытуцыі, які гарантуе свабодны збор і распаўсюд інфармацыі любым грамадзянінам Беларусі.

З паказанняў гераіні рэпартажа вынікае, што Марына Малчанава не рабіла запісаў ад рукі ці на дыктафон, таму немагчыма даказаць, што гэта яна зрабіла тэкставую версію для сайта "Белсату", адзначыла адвакатка. Яна пацікавілася, чаму міліцыянты не шукалі відэааператара, чаму не звярнуліся па тлумачэнні ў рэакцыю "Белсата". "Адміністрацыйны працэс вядзецца не ў поўным аб'ёме", - адзначыла адвакатка і назвала гэтую справу абсурднай.

Пасля гадзіннага перапынку суддзя Наталля Чарапуха агучыла пастанову: прызнаць віну Малчанавай у парушэнні артыкула 22.9 у другой частцы даказанай, і пакараць яе штрафам у 32 базавыя велічыні (4 800 000 рублёў).  

Марына Малчанава выказала жаданне падаваць касацыйную скаргу ў абласны суд.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства