viasna on patreon

Пікет будзе адцягваць увагу кіроўцаў – з гэтай прычыны не дазволена акцыя ў падтрымку Украіны

2014 2014-09-24T12:58:30+0300 2014-09-24T12:58:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ukraine.jpg

Адзіночны пікет супраць вайны ва Украіне будзе адцягваць увагу кіроўцаў і папсуе зялёныя насаджэнні - такія прычыны былі ўказаныя ў адмове Мінгарвыканкама грамадскай актывістцы Таццяне Грачанікавай.

«Пададзеная вамі заява не адпавядае арт. 9 Закона «Аб масавых мерапрыемствах»», - адзначана ў адмове на заяўку аб правядзенні пікета, падпісанай намеснікам старшыні Мінскага гарадского выканаўчага камітэту І.В. Карпенкам.

У прыватнасці, чыноўнікі лічаць, што правядзенне масавага мерапрыемства «не будзе спрыяць захаванню элементаў добраўпарадкавання і зялёных насаджэнняў, можа ствараць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху, адцягваць вадзіцелей транспартных сродкаў ад выканання ПДР».

Акрамя таго, дадалі яны, у заяўцы «не пазначаныя канкрэтныя меры па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры прывядзенні масавага мерапрыемства».

«Чыноўнікі праяўляюць фантазію для адмоваў, кажуць абсурдныя рэчы. Атрымліваецца, нельга ні стаяць, ні гуляць, калі нават адзіночны пікет стварае такія сур'ёзныя перашкоды», - адзначыў ініцыятар "Каруселі пікетаў" супраць вайны ва Украіне, сябра Рады Руху «За Свабоду» Арцём Лява.

Па ягоным меркаванні, у чыноўнікаў ёсць «устаноўка не дазваляць не толькі звязаныя з украінскімі падзеямі акцыі, але і любыя грамадзянскія ініцыятывы».

Ён адзначыў, што яму невядома пра іншыя адмовы на правядзенне пікетаў. Пакуль што, дадаў актывіст, даты «Каруселі пікетаў» размеркаваныя да 10 кастрычніка. Сябра Рады Руху «За Свабоду» адзначыў, што падрыхтаваная новая версія заявак на пікеты, якую ўсе ахвотныя змогуць атрымаць 24 верасня пад час прагляду фільма «Другі Чэлсі» на сядзібе Партыі БНФ (Мінск, Чарнышэўскага, 3).

Кампанію «Карусель пікетаў» актывісты Руху «За Свабоду» Арцём Лява і Алесь Марчанка распачалі у пачатку верасня. Яны прапануюць кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты каля амбасады Расіі з патрабаваннем спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне. Да кампаніі далучыліся таксама іншыя актывісты, але ініцыятары прапануюць далучацца ўсіх ахвотных. Першыя заяўнікі Лява і Марчанка таксама атрымалі адмовы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства