Пракуратура Магілёўскай вобласці адправіла скаргу Рыгора Кастусёва па колу
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 22 верасня атрымаў уведамленне з пракуратуры Магілёўскай вобласці за подпісам першага намесніка пракурора вобласці Алега Пімашкова.
У лісце паведамляецца, што зварот Рыгора Кастусёва аб парушэннях заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у Шклоўскім раённым выканаўчым камітэтэце накіраваны для разгляду пракурору Шклоўскага раёна Дзмітрыю Лянчэўскаму.
Нагадаем, што намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 7 верасня накіраваў скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадзюка.
У сваёй скарзе Рыгор Кастусёў, які стала пражывае ў Шклове, прасіў пракурора Магілёўскай вобласці прыняць меры да парушальнікаў беларускага заканадаўства ў пытаннях працы са зваротамі грамадзян з Шклоўскага райвыканкама.
Падставай для напісання скаргі паслужыла тое, што ў парушэнне закона аб зваротах грамадзян шклоўскія чыноўнікі не давалі Рыгору Кастусёву абгрунтаваныя адказы на яго звароты у Шклоўскі райвыканкам ва ўстаноўленыя законам тэрміны на працягу некалькіх месяцаў. Ліст аб разглядзе яго прапаноў з Шклоўскага райвыканкама даслалі толькі пасля зваротаў спадара Кастусёва ў пракуратуру Шклоўскага раёна і Магілёўскі аблвыканкам.
Сам Рыгор Кастусёў выказвае меркаванне, што супрацоўнікі пракуратуры Магілёўскай вобласці проста ўхіліліся ад канкрэтнай рэакцыі на яго скаргу, перанакіраваўшы яе ў пракуратуру Шклоўскага раёна на разгляд Дзмітрыю Лянчэўскаму.
“Чыноўнікі з Шклоўскага райвыканкама парушылі Закон аб зваротах грамадзян, на працягу некалькіх месяцаў не адказваючы на мае звароты, гэта факт, - кажа Рыгор Кастусёў. – Аднак пракуратура Магілёўскай вобласці чамусьці не захацела разглядаць маю скаргу і перанакіравала яе для разгляду пракурору Шклоўскага раёна Дзмітрыю Лянчэўскаму. Між тым я ўжо звяртаўся да яго са скаргай на дзеянні шклоўскіх чыноўнікаў, якія не выконваюць Закон аб зваротах грамадзян пісьмова, а таксама асабіста пабываў у яго на прыёме па гэтым пытанні 11 жніўня. Вялікага плёну ад той нашай гутаркі не было, мой зварот ён проста перанакіраваў для разгляду ў Шклоўскі райвыканкам, а пры размове рэакцыя была, што ён, маўляў, да парушэння Закона аб зваротах грамадзян Шклоўскім райвыканкамам не прычым. Таму я не вельмі веру ў тое, што пракуратура Шклоўскага раёна будзе сапраўды зацікаўлена ў тым, каб прымусіць шклоўскіх чыноўнікаў добрасумленна выконваць законы”.