Арышты за «Кіно ў пераходзе»
Суддзя Таццяна Мотыль пакарала Насту Доль і Дзмітрыя Латушкіна арыштамі на 6 і 5 сутак адпаведна. Прытым Латушкін быў асуджаны "таемна" - без удзелу адваката і сведак.
***
Валанцёраў ініцыятывы “Кіно ў пераходзе” Насту Доль і Дзмітрыя Латушкіна даставілі ў суд Маскоўскага раёна.
Стала вядома, што іх абвінавачваюць паводле двух адміністратыўных артыкулаў – у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП РБ) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП РБ).
Адміністратыўныя справы будзе разглядаць суддзя Таццяна Мотыль.
***
Дзмітрый Латушкін і Наста Доль былі затрыманыя ў ліку ўдзельнікаў прагляду "Кіно ў пераходзе" 18 верасня каля станцыі метро “Фрунзенская”. Там павінен быў адбыцца прагляд дакументальнага фільма пра вулічнага мастака Бэнксі. Затрыманне адбылося каля 20.40. 20 чалавек былі дастаўлены ў Маскоўскі РАУС, але пазней адпусцілі ўсіх, акрамя Латушкіна і Доль.
Гэта не першае затрыманне ўдзельнікаў ініцыятывы “Кіно ў пераходзе”. 12 верасня міліцыя затрымала 25 чалавек прагляду, якія мусіў адбыцца ў Парку Горкага, але праз тры гадзіны ўсіх адпусцілі з Партызанскага РУУС.