viasna on patreon

Новая адміністрацыйная справа за працу без акрэдытацыі

2014 2014-09-17T12:46:48+0300 2014-09-17T12:47:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/radyjo_racyja.jpg

Журналіст “Беларускага Радыё Рацыя” пра абвінавачанне супраць сябе даведаўся толькі постфактум.

Некалькі месяцаў таму журналіст выдання Віталь Сямашка зрабіў шэраг інфармацыйных матэрыялаў пра грамадскія жыццё на Лідчыне. А літаральна днямі атрымаў паведамленне з упраўлення ўнутраных спраў Лідскага райвыканкама.

Паводле міліцыянтаў, супраць Віталя Сямашкі была заведзеная адміністрацыйная справа па артыкуле 22.9 за парушэнне заканадаўства аб СМІ (працу без акрэдытацыі на замежнае выданне).

Цікава, што сваім паведамленнем міліцыянты праінфармавалі журналіста, што справа супраць Сямашкі ўжо спыненая ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці – з часу падзеяў прайшло ўжо больш за два месяцы.

Сам за журналіст упэўнены, што за адміністрацыйнай справай стаіць упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці, якое, на думку Віталя Сямашкі, апошнім часам вельмі пільна маніторыць сайт “Беларускага Радыё Рацыя” і спрабуе прыцягнуць да адказнасці журналістаў.

– Сёлета ў маі падобная справа была заведзена на яшчэ аднаго гродзенскага журналіста Андрэя Мялешку. Тады міліцыянты апыталі людзей, што фігуравалі ў матэрыяле карэспандэнта, па выніках чаго і быў складзены пратакол.

У маім выпадку сітуацыя паўтарылася на 100% - адразу пасля публікацыі да герояў матэрыялаў прыйшоў супрацоўнік КДБ, які запатрабаваў назваць аўтара матэрыялу і акалічнасці маёй працы, – распавёў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Віталь Сямашка.

Нагадаем, што складанне адміністрацыйных пратаколаў супраць журналістаў, якія нібыта працуюць без акрэдытацыі на замежныя СМІ, набывае характар сапраўднай кампаніі.

Так цягам лета і пачатку восені ўжо супраць сямі беларускіх журналістаў міліцыяй былі распачатыя адміністрацыйныя справы за нібыта парушэнне парадку вырабу прадукцыі СМІ – працу без акрэдытацыі.

У той жа час усе міжнародныя журналісцкія арганізацыі заклікаюць улады Беларусі скасаваць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае права на доступ да інфармацыі. Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч пачас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15-16 верасня 2014 г. таксама акэнтавала ўвагу на неабходнасці адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства