Сёння – чарговы суд над Паўлам Вінаградавым
Зранку 11 верасня актывіст моладзевай ініцыятывы «Змена» Павел Вінаградаў выправіўся ў РУУС Маскоўскага раёна па месцы жыхарства, каб па ўмовах прэвентыўнага нагляду, усталяванага за ім, адзначыцца ў аддзеле. Пасля гэтага сувязь з ім перарвалася болей чым на шэсць гадзін.
Толькі ўвечары ягоная жонка Святлана змагла даведацца ў дзяжурнага міліцыянера РУУСа, што Паўла павязуць на Акрэсціна, у Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, маўляў, заўтра будзе суд.
Літаральна перад гэтым, 10 верасня да яго ў кватэру прыйшлонекалькі супрацоўнікаў міліцыі, паведаміўшы, што ім трэба праверыць жыллёвыя ўмовы актывіста, а яму прапанавалі збірацца, каб паехаць разам з імі ў РУУС. Аднак затым міліцыянтам нехта патэлефанаваў, пасля чаго Вінаградава пакінулі ў спакоі. Як бачна – ненадоўга.
Зусім нядаўна, у жніўні, Паўла Вінаградава безпадстаўна пакаралі адміністратыўным арыштам на 10 сутак.