viasna on patreon

Светлагорск: «Настаўнік года-2014» звольнена з працы з-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі

2014 2014-09-05T23:28:42+0300 2014-09-05T23:28:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maslukova-alena-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 верасня вучні сярэдняй школы №10 горада Светлагорска атрымалі непрыемную навіну аб звальненні з працы настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Алены Маслюковай. Настаўніцы нават не далі магчымасці давесці да выпускнога свой 11 клас, дзе яна была класным кіраўніком. Адзінаццацікласнікі з жалем сустрэлі такую навіну, а іх бацькі пасля лінейкі сабраліся ў дырэктара з просьбай заключыць кантракт з настаўніцай хоць бы на год, каб даць магчымасць 11 класу скончыць школу разам са сваёй класнай кіраўніцай. Аднак дырэктар адмовіла ў гэтым.

Афіцыйная прычына звальнення - заканчэнне тэрміну кантракту. Іншага дырэктарка не тлумачыла. У прыватнай гутарцы адзін чалавек з адукацыйнага кіраўніцтва паведаміў Алене Маслюковай, што дырэктарка атрымала на гэта ўказанне з райвыканкаму. Маўляў, «з надзейных крыніц» стала вядома пра нейкія «дэструктыўныя выказванні» настаўніцы.

Сёлета Алена Маслюкова была прызнана лепшай настаўніцай («Настаўнік году») Светлагорскага раёна. У мінулым навучальным годзе ёй уручылі грамату Гомельскага абласнога ўпраўлення адукацыі.

Настаўніца скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а да таго – сярэднюю школу № 7 Светлагорска. Працаваць у школе на педагагічнай працы пачала яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт. Цяпер мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Паводле звестак Светлагорскага раённага аддзелу адукацыі, за ўсе гады працы ў Алены Маслюковай не было ніводнага спагнання. Калі пачалі праводзіць школьныя алімпіяды па гісторыі, пад яе кіраўніцтвам была сфарміравана першая каманда Гомельскай вобласці на рэспубліканскую алімпіяду. Па выніках працы настаўніца неаднойчы была адзначана заахвочваннямі і ўзнагародамі.

А па заканчэнні мінулага навучальнага года дырэктар школы Людміла Драпеза без тлумачэння прычын паведаміла аб тым, што ў верасні настаўніца будзе звольнена ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта. Дарэчы, на працу ў СШ-10 настаўгніца пераходзіла ў свой час менавіта па запрашэнні кіраўніцтва гэтай школы.

Настаўніца ўздымала пытанні аб вялікай папяровай працы, якую даручаюць педагогам, неаднаразова і адкрыта казала пра тое, што на настаўнікаў узвальваюць неўласцівыя ім функцыі, адмоўна ставілася да прымусовай падпіскі на дзяржаўныя газеты.

Гэта не першы падобны выпадак у СШ-10 Светлагорска. Некалькі гадоў таму дырэктар намагалася выключыць са школы 11-класніцу Марыяну Мірчук – за тое, што навучэнка цікавілася грамадска-палітычнымі пытаннямі, і яе погляды не ва ўсім супадалі з ідэалагічнымі патрабаваннямі дырэктара. У далейшым дзяўчына паспяхова скончыла міжнародны каледж і ВНУ.

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Светлагорска лічаць, што звальненне настаўніцы мае дрэнна схаваныя палітычныя матывы. Шмат педагогаў, не згодных з ідэалагічнымі патрабаваннямі ўладаў, сыходзяць са школ самі.

 

Фота:

1. А. Маслюкова з развітальнымі кветкамі ад вучняў, 2 верасня.

2. Фінал конкурса “Настаўнік года” ў Светлагорску, А. Маслюкова – другая з правага боку. 2 лютага 2014 г. Фота: sn.by

3. Фінал конкурса “Настаўнік года” ў Светлагорску. 2 лютага 2014 г. Фота: sn.by

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства