Палітвязень Анар Мамедлі ўвайшоў у шорт-ліст прэміі Вацлава Гавела-2014
Вядомы азербайджанскі праваабаронца Анар Мамедлі, зняволены па палітычных матывах, увайшоў у шорт-ліст прэміі Вацлава Гавела-2014, намінаваны «за значны ўнёсак у абарону права на сумленныя выбары».
Пра гэта паведамляе прэс-служба Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які намінаваў праваабаронцу на прэмію ў рамках міжнароднай кампаніі за яго вызваленне.
Анар Мамедлі зрабіў свой унёсак у ажыццяўленне праграм і мерапрыемстваў па маніторынгу выбараў, удзеле і адукацыі выбаршчыкаў, а таксама ў распрацоўку матэрыялаў і справаздач па 13 выбарчых кампаній у Азербайджане. Ён быў арыштаваны ў снежні 2013 года, абвінавачаны ў "злоўжыванні ўладай" і іншых правапарушэннях і асуджаны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў траўні 2014 года.
Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы штогод прысуджае прэмію Вацлава Гавела за выдатныя дзеянні грамадзянскай супольнасці па абароне правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі. Прэмія прысуджаецца ў партнёрстве з бібліятэкай Вацлава Гавела і Фондам "Хартыя 77". Уладальнік прэміі будзе абвешчаны Прэзідэнтам ПАСЕ ў палаце пасяджэнняў у першы дзень восеньскай пленарнай сесіі - 29 верасня 2014 года.
Нагадаем, што першым лаўрэатам прэміі Вацлава Гавела ў 2013 годзе стаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які на момант уручэння ўзнагароды знаходзіўся ў зняволенні па палітычных матывах.