Брэст: забаронены пікеты ў падтрымку малога памежнага руху
У мясцовым гарвыканкаме адмовілі ў правядзенні гэтых акцый, нягледзячы на тое, што ў заяўках былі ўзгаданы месцы, якія самі ўлады вызначылі для падобных мерапрыемтваў.
Паводле словаў аднаго з ініцыятараў пікетаў Аляксандра Храпко, у заяўках падкрэслівалася, што пікеты будуць ладзіцца ў брэсцкім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне “Лакаматыў”. Менавіта гэтыя пляцоўкі самі гарадскія ўлады сваім рашэннем выбралі ў якасці месцаў, дзе могуць адбывацца масавыя мерапрыемствы такога кшталту.
Аднак у адказе з гарвыканкама гаворыцца, што пікет на стадыёне “Лакаматыў” забаронены з той прычыны, што ў гэты ж дзень там запланавана іншая акцыя. Аляксандр Храпко адзначае, што заяўка была пададзена своечасова, і выглядае неверагодным, каб хтосьці яшчэ планаваў сваё мерапрыемства у гэтым месцы да таго часу, пакуль улады не атрымалі заяўку ад актывістаў кампаніі “За малы памежны рух”.
Што да забароны аналагічнага пікета ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, дык пакуль пісьмовага тлумачэння на гэты конт з гарвыканкама заяўнікі не атрымалі. Увогуле, паводле словаў Аляксандра Храпко, у Брэсцкай вобласці з усіх пададзеных заявак на правядзенне падобных акцый дазвол быў атрыманы толькі на пікет, які адбыўся ў Пружанах.