viasna on patreon

Гомельскія ідэолагі пасля звароту праваабаронцаў параілі раённай газеце не дапускаць выпуску матэрыялаў, якія дыскрымінуюць цыганоў

2014 2014-08-29T22:00:18+0300 2014-08-29T22:00:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cyganka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч атрымалі адказ на зварот у Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкаму. Зварот тычыўся з'яўленню ў раённай прэсе (газеце «Чырвоны Кастрычнік») чарговага артыкулу з антыцыганскімі выказваннямі. Міліцыя праз выданне давала парады жыхарам Акцябрскага раёна «У выпадку з'яўлення ў населеных пунктах раёна асоб цыганскай нацыянальнасці, а таксама работнікаў сацыяльных службаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія выклікаюць падазрэнне, просьба неадкладна паведаміць у аддзел унутраных спраў па тэл. 102».

УУС Гомельскага аблвыканкаму растлумачыў з'яўленне артыкулу з прыкметамі дыскрымінацыі так: «... праводзіцца інфармацыйна-прафілактычная праца, як з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў, так і з насельніцтвам, накіраваная не на распальванне міжнацыянальнай варожасці, а на эфектыўнае рашэнне існуючай праблемы».

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі падзякавала заяўнікам-праваабаронцам за актыўную грамадзянскую пазіцыю і адзначыла, што «газеце «Чырвоны Кастрычнік» дадзены рэкамендацыі аб недапушчальнасці выпуску матэрыялаў, якія носяць дыскрымінацыйны характар у адносінах цыганскага этнасу».

«Мы не вельмі задаволены адказам. Папярэдзіць – добра, але парушэнне ўжо здзейснена. Цыганоў абразілі, а душы чытачоў газеты атручаны ксенафобіяй. Чаму ж кіраўнікі ідэалагічнай вертыкалі не далі рэкамендацыю раённай газеце напісаць станоўчы артыкул аб цыганах ці хоць бы папрасіць прабачэння ў іх? Гэта ж ў інтарэсах чыноўнікаў – паказаць, што яны сочаць за тым, каб нацыянальныя меншасці не прыціскаліся», - пракаментавала Марыя Клімовіч.

Нагадаем, нядаўна ў гомельскай газеце «Савецкі раён» быў апублікаваны артыкул пад назвай «Цыганы парушаюць закон не часцей за астатніх гамяльчан». Са спасылкай на начальніка РАУС Аляксандра Слесарэнку паведамлялася, што ў Савецкім раёне па 103 адрасах пражываюць 385 цыганоў. І вось у мінулым годзе было зарэгістравана ўсяго два злачынствы, пад падазрэнне ў здзяйсненні якіх патрапілі цыганы. Аналагічна ў 2013 годзе ў мазырскай газеце «Жыццё Палесся» быў надрукаваны матэрыял пра «цыганоў-злачынцаў». У тым жа матэрыяле прыводзіліся звесткі, што за год у раёне грамадзяне здзейснілі больш за дзве тысячы злачынстваў, з якіх толькі некалькі былі здзейснены цыганамі. Тым не менш, міліцыя рабіла ў артыкуле акцэнт менавіта на тым, што цыганы – злачынцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства