За "замежных агентаў" узяліся падаткавікі - праваабарончы сектар можа не вытрымаць ціску
У Расіі пачаўся новы наступ улады на некамерцыйныя арганізацыі, якія лічацца замежнымі агентамі. На гэты раз удар наносіцца праз падаткі.
Зараз "замежных агентаў" спрабуюць зрабіць яшчэ і падатковымі даўжнікамі.
Ахвяраванні, як вядома, заўсёды вызваляліся ад падаткаў. Аднак расійскія суды ў апошні час сталі прымаць бок падаткавікоў, якія праз недакладнасці заканадаўства даказваюць, што асноўная мэта гэтых НКА - атрыманне прыбытку. А значыць, яны, як і любы бізнес, павінны дзяліцца з дзяржаўнай казной. Падатковыя інспекцыі патрабуюць выплат ад НКА праз суды, пераконваючы іх, што пералічэнні з замежных фондаў з'яўляюцца зусім не ахвяраваннямі, а даходамі. І, такім чынам, ад падаткаў ні ў якім разе не вызваляюцца, - піша пра сутнасць праблемы «Незалежная газета».
Але якім жа чынам НКА могуць сплаціць падаткі з мільённых сумаў, якія яны па дамове са сваімі спонсарамі абавязаныя выдаткаваць усё без астатку? Праваабаронцы асцерагаюцца, што калі падатковы ціск на НКА працягнецца, многія арганізацыі спыняць сваё існаванне.
Першым, хто прыняў на сябе ўдар, па традыцыі стаў «Голас». Як заявіў «НГ» сустаршыня руху «Голас» Рыгор Мельканьянц, Грамадзянскі кодэкс вызначае ахвяраванні як «дарэнне на агульнакарысныя мэты», менавіта за гэта паняцце сёння і спрабуюць ухапіцца чыноўнікі і суддзі. Так, напрыклад, асноўная прэтэнзія да «Голасу» заключалася ў тым, што сродкі, атрыманыя ім ад Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (АМР ЗША), нельга лічыць ахвяраваннямі, паколькі МЗС РФ прызнаў дзейнасць агенцтва «падрываючай нацыянальную бяспеку Расіі». Затым гэтую версію падтрымаў і Арбітражны суд Масквы - прызнаўшы, што грошы накіроўваліся на грамадска карысныя мэты - але для ЗША, а не Расіі. «Гэта трэба, каб ускладніць дзейнасць НКА ці ж зрабіць так, каб яны зусім з нашай краіны зніклі. Бо нешматлікія змогуць аплаціць падатак, што прывядзе да арышту ўсіх рахункаў, маёмасці і г.д.», - кажа Мелканьянц. Паводле яго, падаткавікі ўзгадваюць НКА праекты далёкіх гадоў: «Гэтыя праекты ўжо даўно закрытыя. Але падатковыя службы цяпер спрабуюць даказаць, што яны нібыта былі для Расіі не карысныя». Вынік - рашэнне суда аб выплаце падаткаў і іншых накрутак на суму ў 5,2 млн рублёў.
Мелканьянц нагадаў і яшчэ пра адзінвыпадак: інспекцыя ФПС па Маскве запатрабавала ад Маскоўскай школы палітычных даследаванняў 6,5 млн руб. нядоімкі, штрафаў і пеняў. Падаткавікі сцвярджалі, што атрыманыя школай сродкі ад шэрагу міжнародных і замежных фондаў былі накіраваныя не на сацыяльна карысныя мэты, а на падрыў нацыянальнай бяспекі. Відавочна, ім не спадабалася, што школа дзейнічала пад эгідай Савета Еўропы і мела аддзяленні ў некалькіх краінах. Дарэчы, пасля гэтага яе філіял у Расіі быў зачынены.
Як распавёў «НГ» праваабаронца Валерый Баршчоў, ёсць апасенні, што падатковыя хітрыкі ўлады «заб'юць апошні цвік у дзейнасць незалежных НКА». І зрабіў выснову, што хутчэй за ўсё менавіта гэтага яна і дамагаецца: «А суды і асобныя службовыя асобы спрабуюць усялякімі спосабамі выслужыцца, пакінуць, як гаворыцца, свой след у гісторыі». Баршчоў нагадаў, што ён быў адным з аўтараў закона аб дабрачыннай дзейнасці, прынятага яшчэ ў 1995 годзе: «Мы яго абмяркоўвалі з экспертамі, прадстаўнікамі некамерцыйных структур, парламентарыямі і тымі ж падаткавікамі. У выніку прыйшлі да агульнага - НКА функцыянуюць менавіта на ахвяраванні, таму ніякімі падаткамі не абкладаюцца. Паняцце прыбытку, якое суды да іх спрабуюць прымяніць, - гэта чыста камерцыйная лексіка і супрацьзаконная спроба аказаць ціск». Ён падкрэсліў, што і раней такія спробы былі, але суды, як правіла, прымалі бок некамерцыйных арганізацый. Аж да бягучага года, «калі скандал з праваабарончым сектарам дасягнуў свайго апагею і законныя метады ўздзеяння на НКА, здавалася, былі ўжо ўсе апрабаваныя, судовыя перавагі рэзка памяняліся».
«Улады хочуць, каб НКА існавалі толькі на прэзідэнцкія гранты - пагадзіцеся, гэта добрая прыкмета іх вернасці і лаяльнасці да Крамля», - заявіў «НГ» праваабаронца Леў Панамароў. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў: каля 80% фінансавання некамерцыйных арганізацый ажыццяўляецца за мяжой, намякнуўшы, што нядрэнна б было знізіць гэтую лічбу. «Праваахоўныя структуры і судовыя органы атрымалі сігнал, але адгукнуліся на яго яшчэ з большым імпэтам, чым мы меркавалі. Яны праявілі вынаходлівасць у пошуку новых зачэпак, для таго каб адсекчы нас ад замежнага фінансавання». Аднак для некаторых арганізацый гэта ўжо стала падставай да закрыцця. Калі Крэмль бліжэйшым часам не дасць супрацьлеглы сігнал, заявіў Панамароў, праваабарончы сектар «можа не вытрымаць ціску і паступова разваліцца».