Гомель: Кастусь Жукоўскі арыштаваны на 5 сутак
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 28 жніўня была разгледжана адміністрацыйная справа Кастуся Жукоўскага, які быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП 25 жніўня. Па рашэнню суддзі Вольгі Казловай актывіст прызнаны вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і пакараны адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 5 сутак. У паседжанні па патрабаванні Кастуся Жукоўскага прымаў удзел перакладчык, настаўніца беларускай мовы адной са школ Гомеля. Затрыманы патрабаваў, каб працэс праходзіў на беларускай мове. Варта заўважыць, што пераклад з рускай на беларускую настаўніцы з вышэйшай катэгорыяй нельга назваць дасканалым і дакладным. Напрыклад, выраз «Вы можете отказаться от дачи показаний» яна пераклала як «Вы можаце адказацца ад дачы паказанняў», а «имеете право обжаловать» пераклала як «маеце права абжалаваць», удакладніўшы пасля заўваг з залу суду: «не абжалаваць, а абвінавачваць».
На судзе Кастусь Жукоўскі падкрэсліў, што ён не вінаваты ў правапарушэнні, у якім яго абвінавацілі. Так, 25 жніўня ён прыехаў дахаты, і выявілася, што не можа трапіць у свой двор: самазвалы з суседняй будоўлі заблакіравалі яму праезд, што з'яўляецца парушэннем заканадаўства. Раней жонка актывіста прасіла кіроўцаў вызваліць праезд, тыя ж не рэагавалі. Больш таго – калі Алена Жукоўская ішла з працы дадому, яна чула, як прадстаўнік забудоўшчыка (ААТ «Цэнтр-Лізінг») казаў кіроўцу самазвалу: «Калі прыедзе гэты дробны паскуднік, ты ведаеш, што рабіць». Справа ў тым, што шматкватэрны дом будуецца каля прыватнага дому актывіста ўжо каля чатырох гадоў. «Будоўля ідзе са шматлікімі парушэннямі, я неаднаразова пісаў скаргі на ААТ «Цэнтр-Лізінг», і яны вырашылі такім чынам, з дапамогай міліцыі, мне адпомсціць, каб я не даваў ім парушаць закон, тут ёсць карупцыйны складнік», - даў паказанні Кастусь Жукоўскі.
Цікава, што калі ён выклікаў на месца здарэння супрацоўнікаў ДАІ, то разам з інспектарам дарожнай службы на выклік прыехалі супрацоўнікі АМАП, якія і затрымалі актывіста, а затым даставілі ў РАУС, і на ноч – у ІЧУ. Суд быў адкладзены да 28 жніўня, бо затрыманы патрабаваў адваката і перакладчыка на беларускую мову.
Супрацоўнікі АМАП сцвярджалі на судзе, што Кастусь Жукоўскі не прадставіў па патрабаванні дакументаў і не прайшоў па патрабаванні ў службовы аўтамабіль, больш таго - «спрабаваў уцячы». Яны мелі на ўвазе, што жыхар Гомеля уехаў на ўласным аўтамабілі ва ўласны двор.
На відэа, якое прадставіў на судзе актывіст як доказ, было відаць, што дакументы, а менавіта пашпарт, ён прадставіў супрацоўніку ДАІ. Той забраў пашпарт і не хацеў аддаваць, настойліва патрабуючы прайсці ў службовы аўтамабіль. Пасля адмовы прайсці ў службовы аўтамабіль супрацоўнікі АМАП і затрымалі Кастуся Жукоўскага.
Цікавая акалічнасць: падчас слухання, на этапе агалошвання матэрыялаў справы, яшчэ да выступу адваката, у судовую залу зазірнуў міліцыянер-канваір з кайданкамі ў руках. Ён запытальна зірнуў на суддзю, і тая сцвярджальна кіўнула галавой. Потым суддзя выслухала адваката і Кастуся Жукоўскага, сыйшла на паўгадзіны для прыняцця рашэння, а канваір чакаў у калідоры. «Рашэнне суду было прадказальным, калі яшчэ не былі агучаны матэрыялы справы, не выступіў адвакат, а ўжо ў суд выклікалі канвой з ІЧУ. Гэта ўся справа – помста з боку кіраўніцтва будоўлі, каб я ім не перашкаджаў, так мяне правучылі», - заўважыў актывіст.