Харкаўскі дзёньнік Насты Лойка. Частка ІІІ
Маладая беларуская праваабаронца ў Харкаве валантэрыла ў пункце дапамогі вымушаным перасяленцам. Наста Лойка занатавала ўражаньні ад гэтай працы ды некаторыя назіраньні за жыцьцём гораду, што знаходзіцца ў дзьвюх гадзінах язды ад самых гарачых кропак у зоне АТА.
Частка ІІІ
Харкаў,
14 жніўня 2014
Сёньня - дзень на самаарганізацыю. Цяжка, напэўна, працуецца фрылансам, я не прызвычаена да такой формы працы ды ў такую сьпёку…
Абзвоньвала базу людзей, якія вывозілі перасяленцаў з зоны АТА. Апошняя частка сьпісу складалася з таксоўшчыкаў і людзей, якія вывозяць з Луганска, - большасьць нумароў недасяжная… І з сувязьзю там праблемы, і мужчын вайсковага ўзросту не выпускаюць. Была дзіўная жанчына, якая вывозіла людзей “да канчатковай кропкі” і адмаўлялася тлумачыць, што гэта такое. У базе некалькі кантактаў пазначаныя як “sep” – двум такім вырашыла не набіраць нават, бо адной размовы хапіла…
Цікава насамрэч вельмі. З Горлаўкі штодзень (акрамя выходных) людзей вывозяць аўтобусы адной пратэстанцкай царквы. Таксама валантэры стварылі ў той зоне ініцыятыву “Уратуем Украіну”, і яшчэ нейкі гуманітарны фонд далучыўся… Луганская і Данецкая мясцовыя адміністрацыі толькі зрабілі гарачыя лініі, на якія цяжка датэлефанавацца, а выдаць яны могуць толькі кантакты грамадзкіх арганізацый і профільных фондаў… Маршрутчыкі і таксоўшчыкі вывозяць людзей за грошы, але з самага пекла – з таго ж Луганска. Прычым знайшла артыкул, дзе апісваліся маршруты па выездах: у нейкі бок нельга, бо баі, а можна толькі ў той і той, бляк-пастоў столькі і столькі, правяраюць тое і тое…
На старонках у сацсетках ідуць ідэалягічныя баі, і людзі зусім розныя: вывозяць і прыхільнікі непадзельнай Украіны, і прыхільнікі сепаратыстаў (апошнія вераць, што іх бамбіць Нацгвардыя толькі). На мяжы з Расеяй заторы…
А ў горадзе - цёмныя прывіды вайскоўцаў, асабліва каля адміністрацыйных будынкаў. А людзі ветлівыя і ўсё тлумачаць…
Харкаў,
15 жніўня 2014, 12:48
Сьпёка невыносная, па Камю амаль. І тут у акно я чую сьпівы на вуліцы Міраносіцкай “Хары-рама-хары-крышна…” прыгадала яшчэ, што ў Харкаве таксама быў адчынены першы будысцкі храм ва Ўкраіне: храм – пагада «Чук-Лам - Харьков» у 2007 годзе (вьетнамцы пабудавалі сабе, а зьмяшчаецца на вуліцы Кыргізскай).
Вечар
Сёньня каля 40 разоў напісала дату ў базах станцыі Харкаў: зранку абзвоньвала таксоўшчыкаў з Горлаўкі, якія вывозяць людзей. Да ўчорашніх луганскіх так і не датэлефанавалася((
Па базе прапановаў жытла толькі 37 званкоў асіліла – няпростая гэтая справа, а там іх за 200…
Па жытлу цікава – хто толькі анкеткі не пакідае: шмат прапановаў жыць і даглядаць старых, прапановы ад пратэстанцкіх цэркваў (нехта прымае толькі пратэстантаў), прапановы сваіх дачных домікаў, часам - і праца і жытло… Камусьці вось жонка забараніла, а хтосьці знайшоў магчымасьць пасяліць да сябе… Людзі добрыя ўсё ж. Шмат у каго ўжо жывуць перасяленцы…
Сьпёка не спадае, адметныя месцы Харкава бачу толькі ў інтэрнэце. Прасавала, хадзіла ў краму – небагата на сёньня (Буду спрабаваць за выходныя рэабілітавацца).
*Ацэнкі, выкладзеныя ў тэксьце, адлюстроўваюць выключна меркаваньне аўтара