Затрыманы маладафронтавец Зьміцер Крамянецкі
Зьмітра Крамяняцкага міліцыянты забралі проста з дома. Пра затрыманьне ягоная дзяўчына паведаміла праваабаронцы Насьце Лойцы.
«Прыйшлі, сказалі „пайшлі“ і павялі», — перадае словы сяброўкі Зьмітра Наста Лойка.
Крамянецкага арыштоўвалі ў траўні ў пэрыяд зафіксаваных праваабаронцамі адвольных затрыманьняў. Паводле ягоных словаў, на вуліцы Маякоўскага, калі ён вяртаўся з працы, да яго падышлі супрацоўнікі спэцназу міліцыі і паклалі тварам на зямлю. Тады суд Ленінаскага раёну Менску прызнаў Крамянецкага вінаватым у дробным хуліганстве і прысудзіў 2 мільёны 250 тысяч рублёў штрафу.
Сёньня актывіст «Зьмены» Павал Вінаградаў паводле абвінавачаньня ў дробным хуліганстве быў асуджаны на 10 сутак арышту. На думку праваабаронцаў, затрыманьні актывістаў, магчыма, зьвязаныя з сустрэчай лідэраў Украіны і Мытнага зьвязу, якая мае адбыцца ў Менску 26 жніўня.