viasna on patreon

Звольнены са "Шкловалакна" прафсаюзны лідэр спрабуе бараніць свае права на працу

2014 2014-08-23T22:03:00+0300 2014-08-24T12:41:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viktor_stukov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Але Полацкі райсуд адмовіўся разглядаць пазоў Віктара Стукава супраць ААТ «Полацак-Шкловалакно» аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў працоўных адносінах. Гэта быў зварот у суд па наноў адкрытых абставінах. Папярэднюю адмову ад разгляду судовага звароту старшыня "пярвічкі" СПБ атрымаў у сакавіку 2013 г.

Судзіцца з прадпрыемствам Віктар Стукаў пачаў адразу пасля звальнення. Паводле Віктара Стукава, цяпер ужо былога аператара цэха № 7, яго звольнілі таму, што на прадпрыемстве актывізаваўся недзяржаўны прафсаюз. Афіцыйная прычына звальнення — парушэнні патрабаванняў аховы працы. Спробы звольніць лідара СМБ былі і раней, аднак зрабіць гэта не атрымалася: паводле тагачаснай калектыўнай дамовы, адміністрацыя мусіла ўзгадняць звальненьне з двума прафсаюзамі — і з афіцыйным, і з СПБ. Сябры СПБ выказаліся супраць звальнення, і актывіста пакінулі на працы. Пасля адміністрацыя «Полацк-Шкловалакна» выступіла з ініцыятывай зменаў у калектыўнай дамове, іх зацьвердзілі, і цяпер згоды на звальненне пытаюцца толькі ў прафсаюзу прадзяржаўнага. А ў СПБ толькі паведамляюць пра прынятае рашэнне.
У сакавіку 2013 году дырэктар «Шкловалакна» Мікалай Качаноўскі скарыстаўся дыскрымінацыйнай нормай калектыўнай дамовы, каб звольніць рабочага Віктара Стукава, старшыню Свабоднага прафсаюзу. Ён спрабаваў адстойваць сваё права на працу ў судзе, бо Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь дае права рабочаму звярнуцца ў суд, калі ён лічыць, што быў падвергнуты дыскрымінацыі ў працоўных адносінах. Аднак суды ўсіх узроўняў адмовілі Стукаву ў разглядзе яго патрабаваньня аб ліквідацыі дыскрымінацыі.

Адмовіўшы Стукаву мінулым разам, Полацкі райсуд параіў яму звярнуцца ў прафсаюз для ліквідацыі дыскрымінацыі праз калектыўныя перамовы. Рэкамендацыя суду была выканана, але камісія па калектыўных перамовах ААТ «Полацк-Шкловалакно» адмовілася змяніць калектыўную дамову. З 31 ліпеня гэтага годаперамоўная камісія спыніла сваё існаванне, бо скончыўся тэрмін мінулай калектыўнай дамовы. Гэтыя абставіны Віктар Стукаў і хацеў скарыстаць зараз, каб вярнуцца да разгляду парушэння сваіх правоў падчас звальнення. Спроба зноў аказалася безвыніковай: яму параілі зноў пайсці ранейшым, відавочна неперспектыўным шляхам.

" Скончыўся тэрмін мінулай калектыўнай дамовы, але 1 жніўня была прынята новая. І дыскрымінацыйны пункт перайшоў у яе аўтаматычна: зноў рабочых дыскрымінуюць паводле прыкметы ўдзелу ў прафсаюзе. Гэта значыць, перад пагрозай звальнення сябры СПБ зноў будуць рэпрэсаваныя са згоды іншага, прадзяржаўнага прафсаюзу. Такім чынам, ігнаруецца і права на працу, і права на добраахвотны ўдзел у грамадскіх аб'яднаннях, і ўрэшце – права на незалежны і аб'ектыўны разгляд справаў у судзе", -- лічыць Віктар Стукаў.

Ён перакананы, што ягонае звальненне з прадпрыемства звязана з узмацненнем даверу да СПБ – і на "Полацк-Шкловалакне", і на іншых полацкіх прадпрыемствах. Цяпер ён застаецца вызваленым старшынем "пярвічкі", бо на ААТ "Полацк-Шкловалакно" ужо не працуе. І з гэтага вынікаюць сур'ёзныя праблемы: прыкладам, яго не прапускаюць на прадпрыемства, каб на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах працуюць людзі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства