viasna on patreon

Улады Крыму забаранілі жалобнае мерапрыемства татараў з прычыны "гарачага надвор'я"

2014 2014-08-22T10:01:00+0300 2014-08-22T22:39:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tatary-krym.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Улады Крыму забаранілі крымскім татарам праводзіць жалобны мітынг з нагоды Агульнаеўрапейскага дня памяці ахвяраў сталінізму і нацызму 23 жніўня. Гэтым разам улады спаслаліся на занадта гарачае надвор'е.
Гэта не першы выпадак, калі крымскія татары атрымліваюць адмовы такога кшталту. Эксперт Крымскай палявой місіі па правах чалавека Вісарыён Асееў называе гэтыя факты самаўпраўствам, а таксама грубым і цынічным парушэннем расійскага заканадаўства.
«Гэта не толькі парушэнне арт. 11 (свабода сходаў і аб'яднанняў) Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека, але і грубае і цынічнае парушэнне і расійскага заканадаўства. Паколькі ў частцы 3 артыкула 12 Федэральнага закона РФ "Аб сходах, мітынгах, дэманстрацыях, шэсцях і пікетаванні" сказана, што орган улады можа адмовіць ва ўзгадненні мерапрыемства толькі калі асоба, якая падала заяву, не мае на гэта права, згодна з падставамі, названымі ў гэтым законе. А таксама ў тым выпадку, калі ў якасці месца правядзення публічнага мерапрыемства ўказана месца, у якім у адпаведнасці з законам правядзенне публічнага мерапрыемства забараняецца», - кажа праваабаронца.
Кіраўнік сакратарыята Меджліса Дылявер Акіеў распавёў, што паведамленне аб правядзенні акцыі было накіравана ў Сімферопальскі гарадскі савет яшчэ 13 жніўня. А праз 10 дзён улада адмовіла ў правядзенні мітынгу, аргументуючы гарачым надвор'ем.
«Надвор'е гарачае, у людзей можа здарыцца сонечны ўдар. Мы нашкодзім здароўю насельніцтва, таму ў правядзенні мітынгу адмоўлена», - выклаў сутнасць пісьмовага адказу з гарсавета Дылявер Акіеў.
У сваёй адмове ўлады Крыма спасылаюцца на некалькі нормаў расійскага заканадаўства і адзначаюць, што «правядзенне заяўленага публічнага мерапрыемства - мітынгу з заяўленай колькасцю ўдзельнікаў (да 500 чалавек), можа аказаць негатыўны ўплыў на іх стан здароўя і выклікаць абвастрэнне хранічных захворванняў, а ў шэрагу выпадкаў прывесці да перагрэву арганізма і рэзкага пагаршэння самаадчування, што ўяўляе рэальную пагрозу для жыцця і здароўя».
Паводле інфармацыі Крымскай палявой місіі па правах чалавека, на наступным пасяджэнні Меджліса плануецца абмеркаваць пытанне па абскарджанні гэтай адмовы ў судовым парадку.
КПМПЧ нагадвае, што ўлады Крыма забаранілі праводзіць 26 чэрвеня ў цэнтры Сімферопаля штогадовае свята да Дня крымскататарскага сцяга, а таксама забаранілі правядзенне ў горадзе 18 траўня штогадовага жалобнага мітынгу памяці ахвяраў дэпартацыі крымскататарскага народа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства