viasna on patreon

Турма для Мікалая Аўтуховіча не скончылася

2014 2014-08-20T14:38:25+0300 2014-08-20T14:38:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuhovich-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч. Фота: svaboda.org

Мікалай Аўтуховіч. Фота: svaboda.org

Пракурор Ваўкавыскага раёна ў забароне міліцыі на выезд былога палітвязня на лячэнне ў Мінск парушэнняў не ўгледзеў. У сувязі з гэтым Мікалай Аўтуховіч падрыхтаваў скаргу на імя пракурора Гродзенскай вобласці.

У адказ на скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Ваўкавыскага РАУС раённы пракурор Генадзь Благун паведаміў: «... асобе, якая знаходзiцца пад прэвентыўным наглядам, не забаронена змяняць месца жыхарства. Дадзеная працэдура ажыццяўляецца ў паведамляльным парадку. Што ж тычыцца выезду за межы раёна па асабістых пытаннях, у тым ліку для лячэння, то на гэта патрэбная згода органа ўнутраных спраў. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не ўтрымлівае нормы, якая абавязвае орган унутраных спраў дазваляць такі выезд пры наяўнасці якіх-небудзь падставаў. З гэтага вынікае, што згода на такі выезд з'яўляецца правам, а не абавязкам органа ўнутраных спраў».

Нагадаем, што ў сваёй скарзе Мікалай Аўтуховіч указваў, што лічыць забарону супрацоўнікаў міліцыі неабгрунтаванай і парушаючай яго правы, прадугледжаныя як заканадаўствам аб органах унутраных справаў, так і заканадаўствам аб ахове здароўя.

Пры абскарджанні адказу пракурора Благуна, ён настойвае на тым, што падставай для адмовы ў выездзе за межы горада могуць быць толькі абгрунтаваныя довады аб тым, што выезд ажыццяўляецца ў супрацьпраўных мэтах або з мэтай зрабіць немагчымым або складаным назіранне за яго паводзінамі, папярэджанне злачынстваў і аказанне на яго неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. «Для таго, каб даць законную ацэнку дзеянням супрацоўнікаў Ваўкавыскага РАУС, варта таксама мець на ўвазе, што непасрэдна пасля названай адмовы мне дазволілі выезд у г. Мінск на часовае пражыванне проста так, без указання мэты выезду. Гэта азначае, што сам па сабе мой выезд у г. Мінск не ўяўляў небяспекі для ахоўваемых законам інтарэсаў дзяржавы і грамадства», - гаворыцца ў скарзе пракурору Гродзенскай вобласці. Мікалай Аўтуховіч падкрэслівае пры гэтым, што выснова раённага пракурора аб абгрунтаванасці дзеянняў супрацоўнікаў Ваўкавыскага РАУС зроблена без уліку довадаў, выкладзеных у яго скарзе. «Пракурор прыйшоў да памылковай высновы аб тым, што, паколькі дазвол на выезд за межы горада з'яўляецца правам органа ўнутраных спраў, то ён можа ім карыстацца паводле свайго меркавання, адвольна» - піша ён, патрабуючы правядзення праверкі і прыняцця мераў пракурорскага рэагавання.

Нагадаем, пастановай суда Ленінскага раёна г. Гродна ў дачыненні да Мікалая Аўтуховіча быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год і чатыры месяцы і звязаныя з гэтым абмежаванні. Ён можа выязджаць за межы горада, раёна па службовых і асабістых справах толькі са згоды органа ўнутраных спраў, які ажыццяўляе прэвентыўны нагляд.

Адказ на скаргу М.Аўтуховіча раённага пракурора Г.Благуна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства