Міхась Кукабака: Гісторыя перапісваецца пад дыктоўку чарговага «правадыра» Пуціна
Былы палітычны вязень пермскіх лагераў Міхась Кукабака падзяліўся з «Вясной» сваім меркаваннем наконт знішчэння адзінага музея памяці ахвярам ГУЛАГа «Перм-36».
Нагадаем, што скандал вакол Мемарыяльнага цэнтра гісторыі палітычных рэпрэсій «Перм-36», створанага ў 1990-я на месцы савецкага лагера строгага рэжыму, разгарэўся яшчэ на пачатку гэтага года. Тады ўрад Пермскага краю перастаў аплочваць камунальныя рахункі ўстановы, кіраўніцтва рэгіянальнага Міністэрства культуры адправіла ў адстаўку дырэктара музея Таццяну Курсіну, а ў СМІ ўвесь гэты час з'яўляліся ўзаемныя абвінавачванні краявых уладаў і праваабаронцаў. У ліпені актывісты аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Перм-36» заявілі пра знішчэнне часткі экспазіцыі, а таксама абвінавацілі новае кіраўніцтва музея ў ціску на арганізацыю. «Тое, што да нядаўняга часу мелася на ўвазе, абмяркоўвалася ў кулуарах, пра што намякалася, цяпер стала відавочным: выставачныя, адукацыйныя, асветніцкія і гуманітарныя праекты, якія развівала на базе Музея АНА «Перм-36», больш Адміністрацыі Пермскага краю не патрэбныя, - гаварылася ў заяве на сайце музея. - Ды і сам музей у тым выглядзе, у якім ён быў створаны грамадскасцю, таксама не патрэбны».
Краявое аддзяленне праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» звярталася да губернатара Пермскага краю ў адкрытым лісце, дзе выказвала абурэнне з нагоды таго, што дзверы закрытага для наведвальнікаў музея ўлады расхінаюць для здымак правакацыйнай тэлеперадачы на НТВ, у якіх абліваюць брудам стваральнікаў мемарыяла. «Асаблівае абурэнне выклікае ў нас той факт, што«экскурсію»для тэлевізійных правакатараў даверылі праводзіць былым наглядчыкам калоніі«Перм-36», а таксама прадстаўнікам праславутага руху«Сутнасць часу». У выйшаўшым тэлесюжэце бясконца паўтараецца ідэя неасталіністаў аб тым, што ў калоніі «Перм-36» нібыта адбывалі пакаранне выключна бандэраўцы і памагатыя нацыстаў. І з гэтага робіцца выснова аб тым, што і сам музей будуецца на прафашыстоўскай і антыдзяржаўніцкай ідэалогіі», - пісалі праваабаронцы«Мемарыялу». Яны нагадалі ўладам, што «выставачныя экспазіцыі і экскурсаводы музея распавядаюць аб тых больш як 50 адсотках зняволеных пермскіх калоній (Перм-35, Перм-36, Перм-37), якія ў 1970-1980-х гадах былі рэпрэсаваныя па палітычных матывах. Акрамя таго, большая частка экспазіцый музея прысвечаная памяці аб ахвярах рэпрэсій больш ранняга, сталінскага перыяду». «І тыя і іншыя рэабілітаваныя як ахвяры незаконных палітычных рэпрэсій, адноўлены ў правах паводле расійскага заканадаўства, а таксама заканадаўства краінаў, якія ўваходзілі ў склад СССР. Гэтыя факты не могуць адмаўляць нават заўзятыя праціўнікі музея. Яны толькі могуць гэта хаваць, а значыць, - наўмысна ўводзіць грамадскасць у зман», - канстатавалі праваабаронцы.
Вельмі хутка ўся гэтая гісторыя атрымала міжнароднырозгалас, з асуджэннем разбурэння музея сталі выступаць вязні ГУЛАГу з іншых постсавецкіх краінаў. У прыватнасці, на пачатку жніўня з патрабаваннем да расійскіх уладаў спыніць разбурэнне музея - «гістарычнай памяці, якая сведчыць і заўсёды будзе сведчыць аб злачынствах ХХ стагоддзя» - выступілі былыя вязні ГУЛАГа, сваякі зняволеных, даследчыкі, журналісты, праваабаронцы з Украіны. Затым прадстаўнікі няўрадавых арганізацый з Расіі і краінаў Еўрапейскага саюза заклікалі выратаваць мемарыяльны комплекс, пра што 15 жніўня паведаміў сайт Савета пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека. Як сцвярджаецца ў гэтым паведамленні, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін таксама выказаў заклапочанасць сітуацыяй вакол «Пермі-36».
Але не ўсе паверылі ў шчырасць прэзідэнта Пуціна. Савецкі дысідэнт і неаднаразовы палітвязень Міхась Кукабака, аналізуючы сённяшнюю ідэалогію Крамля, назваў знішчэнне «Пермі-36» «вельмі своечасовай і неабходнай акцыяй» для расійскіх уладаў, якія бачаць небяспеку ў музеі палітычных рэпрэсій. «На працягу шэрагу гадоў праводзіцца тайная рэабілітацыя сталінскага фашызму. Стала больш жорсткай сакрэтнасць ваенных і даваенных архіваў. Перапісваецца гісторыя пад дыктоўку чарговага «правадыра» Пуціна. Сталін падаецца маладому пакаленню як «эфектыўны менеджэр». З якога, мабыць, варта браць прыклад. Але вось на беласнежнай прапагандысцкай вопратцы непрыемна цямнее пляма музея сталінска-брэжнеўскага Гулага. Людзі наведваюць музей, задаюць пытанні - не заўсёды прыемныя. І тым перашкаджаюць умацаванню вертыкалі ўлады і патрыятычнаму выхаванню (абалваньванню) моладзі. Падобнае нельга трываць. Цалкам можна прадказаць, што нядоўга чакаць, калі на падставе пабудовы нейкага офіса або кафэ прыбяруць і знакаміты Лубянскі Камень, пастаўлены ў памяць аб мільённых ахвярах Гулага. Зразумела, прыбяруць яго выключна з мэтай клопату пра вольны час масквічоў... », - мяркуе Міхась Кукабака, які даслаў у Праваабарончы цэнтр «Вясна» свой злабадзённы нарыс.
Нагадаем, што ў снежні 1988 года ў сувязі з «гарбачоўскай амністыяй палітвязняў» Міхась Кукабака вызваліўся з пермскіх лагераў, быўшы апошнім «палітычным» праз адмову пісаць прашэнне пра памілаванне.