viasna on patreon

Праваабаронцы: “Законы 12 жніўня” патэнцыйна небяспечныя для грамадзянаў Украіны

2014 2014-08-15T17:17:20+0300 2014-08-15T17:18:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vr-ua.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадстаўнікі праваабарончых НДА 15 жніўня ў Кіеве далі прэс-канферэнцыю, падчас якой распавялі пра небяспеку, звязаную з законамі, прынятымі Вярхоўнай Радай 12 жніўня.  

Праваабаронцы сцвярджаюць: шэраг законаў і законапраектаў, прынятых 12 жніўня, з'яўляюцца патэнцыйна небяспечнымі для грамадзянаў Украіны і парушаюць нацыянальныя і міжнародныя нормы заканадаўства.

У прыватнасці, законапраект №4310а прадастаўляе супрацоўнікам міліцыі без папярэджання ўжываць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі і зброю ў раёне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі. Такое рашэнне можа прывесці да прычынення шкоды жыццю і здароўю людзей, недатычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Варта адзначыць, што дзеючае заканадаўства ўжо дало права ўдзельнікам антытэрарыстычнай аперацыі ўдзельнічаць у затрыманні асобаў, і ў выпадках, калі іх дзеянні рэальна пагражаюць жыццю і здароўю закладнікаў, удзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі або іншых асобаў - зняшкоджваць іх.

Таксама законам ад 14 жніўня «Аб унясенні змен у Закон Украіны «Аб пракуратуры» па стварэнні ваенных пракуратур» - адноўленая вайсковая пракуратура. Аднак не толькі ў зоне АТА, а па ўсёй тэрыторыі Украіны, што, вядома, запатрабуе дадатковага фінансавання на стварэнне працоўных месцаў, абсталявання ітак далей.

Марына Цапок, эксперт Асацыяцыі ўкраінскіх назіральнікаў за захаваннем правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў, абураецца: «Навошта ствараць ваенныя пракуратуры на ўсёй тэрыторыі Украіны, калі такі аддзел можна зрабіць у Генпракуратуры? І пракуроры гэтага аддзела, у выпадку неабходнасці, могуць выязджаць або знаходзіцца ў зоне АТА. Тым больш, пакуль створаць аддзяленне ваеннай пракуратуры, АТА можа скончыцца. І што тады, зноў яе расфармоўваць для эканоміі бюджэту?».

Законапраект №4312 прадугледжвае «прэвентыўнае» затрыманне асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, без усякага рашэння суда, да 30 сутак. То бок, праваахоўныя органы могуць без распачынання крымінальнай вытворчасці месяц утрымліваць чалавека пад вартай без рашэння суда. Пры такіх умовах асоба не мае ніякіх гарантый ад самавольства, у прыватнасці яна будзе пазбаўленая права на абарону, права не сведчыць супраць сябе і прэзумпцыі невінаватасці.

Па словах адваката Сяргея Зайца, прадстаўніка Украінскага Хельсінскага саюза па правах чалавека, часам Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека можа прадугледжваць адступленне ад права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Аднак для гэтага існуе спецыяльная працэдура. Дзяржава абавязаная паведаміць пра такія выключныя меры Генеральнаму сакратару Рады Еўропы. Праўда, адвакат мае сумневы ў тым, што чыноўнікі пойдуць на такія дзеянні.

Раней, 12 жніўня, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый заявілі аб недапушчальнасці прыняцця законапраекта “Аб санкцыях” у запрапанаванай рэдакцыі, што “дае неапраўдана шырокія паўнамоцтвы Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны пры Прэзідэнце Украіны на неабмежаваны перыяд часу”. “Улічваючы рэальную пагрозу "вырасціць новага дракона", супраць якога мы змагаліся на Майдане, мы заклікаем народных дэпутатаў не прымаць прапанаваны законапраект №4453 "Аб санкцыях" і адправіць яго на дапрацоўку”, - гаворыцца ў сумеснай заяве.

"Украіна знаходзіцца ў стане «неаб'яўленай вайны» з Расіяй, і дзяржава мае права і нават абавязак бараніць свой ​​суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. Але рабіць гэта можна рознымі метадамі. І не заўсёды простыя рашэнні з'яўляюцца эфектыўнымі. Сістэмныя рэформы амаль ніколі немагчыма замяніць сімулякрамі. Якія да ўсяго могуць ударыць і па нам самім", - падсумавала падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі Аляксандра Матвійчук, старшыня праўлення Цэнтра грамадзянскіх свабодаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства