Украінскія праваабаронцы заяўляюць аб недапушчальнасці прыняцця законапраекта “Аб санкцыях” у запрапанаванай рэдакцыі
12 жніўня 2014 г. Вярхоўная Рада Украіны без адзінага голасу "супраць" прыняла ў першым чытанні ўрадавы законапраект "Аб санкцыях" №4453.
Неабходнасць прыняцця гэтага законапраекта абгрунтоўваецца, у прыватнасці, цэлямі абароны нацыянальнай бяспекі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама іншымі прычынамі, у ліку якіх - прадухіленне "парушэння або аднаўленне парушаных правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян Украіны".
Мы разумеем важнасць прыняцця дадзенага закона ва ўмовах "неаб'яўленай вайны", якую вядзе Расея на ўсходзе Украіны, і неабходнасць аператыўнай рэакцыі ўладаў на штодзённыя выклікі. У той жа час, прыняцце яго ў прапанаванай рэдакцыі можа ўяўляць ня меншую пагрозу забеспячэнню правоў і свабод грамадзян Украіны, чым вядомыя "дыктатарскія законапраекты 16 студзеня", паколькі законапраект дае неапраўдана шырокія паўнамоцтвы Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны пры Прэзідэнце Украіны на неабмежаваны перыяд часу.
У прыватнасці, законапраект прадугледжвае пазасудовае абмежаванне або спыненне дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі "і іншых суб'ектаў інфармацыйнай дзейнасці, у тым ліку, у сеці Інтэрнэт", гэта значыць неабмежаванага кола асоб ды індывідуальных карыстальнікаў сацыяльных сетак. Прадугледжана магчымасць пазасудовага абмежаванні або забароны вытворчасці і распаўсюджвання "друкаванай прадукцыі ды іншых інфармацыйных матэрыялаў", што дае магчымасць для некантралюемага ўвядзення цэнзуры. Асаблівую занепакоенасць выклікае ўвядзенне пазасудовай забароны "дзейнасці партый, рухаў і іншых грамадскіх аб'яднанняў і фондаў" пры адсутнасці бесстаронняга разгляду абаснаванасці прычын забароны і прадастаўлення названым суб'ектам магчымасці законнай абароны.
Падставы для ўвядзення санкцый дастаткова размытыя, а часам - проста абсурдныя (напрыклад "факты парушэнняў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека"). Такія фармулёўкі пашыраюць круг патэнцыйных аб'ектаў санкцый да нявызначанасці і адкрываюць шырокі прастор для злоўжыванняў. Асобна варта ўказаць на невычэрпнасць пераліку санкцый, паколькі закон надае права ўводзіць "іншыя санкцыі, якія адпавядаюць прынцыпам іх прымянення, устаноўленым гэтым Законам".
З вышэйузгаданага вынікае, што законапраект №4453 "Аб санкцыях" супярэчыць Канстытуцыі і дзейнаму заканадаўству, а таксама міжнародным абавязацельствам Украіны.
Улічваючы рэальную пагрозу "вырасціць новага дракона", супраць якога мы змагаліся на Майдане, мы заклікаем народных дэпутатаў не прымаць прапанаваны законапраект №4453 "Аб санкцыях" і адправіць яго на дапрацоўку.
Заяву падпісалі прадстаўнікі праекту «Без межаў» Цэнтра "Сацыяльная дзея", Харкаўскай праваабарончай групы, Цэнтра грамадзянскіх свабодаў, Цэнтра інфармацыі пра правы чалавека, Украінскага Хельсінкскага саюза па правах чалавека, Цэнтра даследаванняў праваахоўнай дзейнасці, Amnesty International ва Украіне і Інстытута Рэспубліка.