Праваабаронца Інтыгам Аліеў сёння абскардзіў свой арышт
Яшчэ адзін аўтарытэтны азербайджанскі праваабаронца быў арыштаваны ў Баку 8 жніўня. Інтыгам Аліеў - кіраўнік Таварыства прававой асветы, дзейнасць якога правяралася ў рамках крымінальнай справы супраць мясцовых і замежных НДА.
Па рашэнні Насімінскага раённага суда Інтыгам Аліеў арыштаваны на 3 месяцы па абвінавачваннях, прад'яўленых раней шэрагу іншых праваабаронцаў з незарэгістраваных НДА, - ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (артыкул 213.1 Крымінальнага кодэкса), злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы (артыкул 308.2) і незаконным прадпрымальніцтве (артыкул 192.2).
Перад арыштам супрацоўнікі пракуратуры правялі ператрусы на кватэры праваабаронцы і ў офісе арганізацыі, якую ён узначальвае. Раней ён выклікаўся ў Следчае ўпраўленне па цяжкіх злачынствах Генеральнай пракуратуры ў якасці сведкі. Як паведамляе азербайджанская служба Радыё Свабода, у апошні час дзейнасць Таварыства прававой асветы правярала Міністэрства падаткаў, былі арыштаваныя банкаўскія рахункі Аліева ў рамках праводзімай Генпракуратурай крымінальнай справы супраць мясцовых і замежных НДА.
Па словах адваката, Інтыгам Аліеў абверг усе абвінавачванні і заявіў, што яго арышт палітычна матываваны. 11 жніўня пададзеная апеляцыйная скарга на рашэнне суда, дата разгляду якой стане вядомая бліжэйшымі днямі.
Варта адзначыць, што азербайджанскі юрыст, адвакат Інтыгам Аліеў на працягу многіх гадоў займаецца праваабарончай дзейнасцю, у тым ліку абаронай правоў грамадзянаў з выкарыстаннем юрыдычных механізмаў Еўрапейскага суда па правах чалавека. Ён удзельнічаў у падрыхтоўцы больш як 300 скаргаў у ЕСПЧ і выступаў у якасці абаронцы ў больш як 200 справах. У 40 выпадках Страсбургскі суд аднавіў правы яго падабаронных. Акрамя таго, ён актыўна аказвае прававую дапамогу арыштаваным удзельнікам мірных пратэстаў. Інтыгам Аліеў з'яўляецца экспертам па заканадаўстве і правах чалавека шэрагу міжнародных структураў - АБСЕ, Савета Еўропы, германскага таварыства тэхнічнага садзейнічання GTZ і інш. У 2013 годзе Інтыгам Аліеў быў уганараваны прэміяй Homo homini за ўнёсак у абарону грамадзянскіх правоў у Азербайджане.