Бярозаўскія праваабаронцы дамагаюцца змены рашэння аб масавых мерапрыемствах
Праваабаронцы з Бярозы Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі амаль год змагаюцца з райвыканкамам за магчымасць праводзіць пікеты. Адной з перашкодаў з’яўляецца рашэнне райвыканкама ад 2009 г. пра правядзенне масавых мерапрыемстваў, якое не прыведзена ў адпаведнасць з пастановай Савета міністраў № 207, згодна з якім пасля падачы заявы на масавае мерапрыемства райвыканкам на працягу сутак звяртаецца ў міліцыю для ўзгаднення пытанняў па ахове парадку на масавым мерапрыемстве.
У красавіку бягучага года праваабаронцы звярталіся ў Міністэрства юстыцыі і Брэсцкае абласноеўпраўленне ўнутраных спраў, каб гэты суб’екты абавязалі Брозаўскі райвыканкам унесці неабходныя змены ў сваё рашэнне. З атрыманых адказаў здавалася, што праблема будзе вырашана. Як паведамілі з Міністэрства юстыцыі за подпісам першага намесніка міністра А.У. Білейчыка і з Брэсцкай абласной управы ўнутраных спраў за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення В.П.Угляніцы, рашэнне райвыканкама павінна быць выпраўлена згодна пастановы Саўміна.
Але падчас падрыхтоўкі праваабаронцаў да пікету на 27 ліпеня высветлілася, што зменаў у рашэнні райвыканкама няма. З міліцыі яны зноў атрымалі адказ: мы не можам скласці з вамі дамовы, да нас павінен звярнуцца, згодна пастановы Саўміна №207, райвыканкам.
Пасля гэтага праваабаронцы напісалі заявы адразу ў 2 інстанцыі: Брэсцкі аблвыканкам і Бярозаўскі райвыканкам, каб у рэшце рэшт райвыканкам змяніў сваё рашэнне адпаведна пастановы Савета міністраў.
Праваабаронцы спадзяюцца, што аблвыканкам – непасрэднае кіраўніцтва райвыканкама,дапаможа ў вырашэнні гэтага пытання, якое сам райвыканкам амаль год ужо вырашыць не можа.