viasna on patreon

Актывістка з Луганска: Дзяржава толькі на словах клапоціцца пра грамадзянаў

2014 2014-08-08T09:39:05+0300 2014-08-08T09:52:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krasilnikava_julia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юлія Красільнікава, актывістка ініцыятывы "Усход-СОС" (Кіеў)

Юлія Красільнікава, актывістка ініцыятывы "Усход-СОС" (Кіеў)

Пра рэальную сітуацыю на Данбасе ў эфіры "Громадське ТВ" распавяла Юлія Красільнікава, актывістка грамадзянскай ініцыятывы "Усход-СОС", створанай у Кіеве для дапамогі жыхарам Усходняй Украіны і Крыма. Пра становішча вымушаных перасяленцаў Юлія ведае не толькі па працы з імі. Яна і іншыя актывісты ініцыятывы былі вымушаныя пераехаць з Луганска, дзе дагэтуль працавалі ў праваабарончым цэнтры “Поступ”.



 

Пераклад тэксту з украінскай мовы - ПЦ "Вясна".

Паніка імкліва пашыраецца

Як распавяла Юлія Красільнікава, у людзей, якія звяртаюцца ў грамадзянскую ініцыятыву "Усход-СОС", цэлы шэраг праблемаў - пачынаючы з таго, што яны не могуць выехаць з зоны высокай рызыкі, або не маюць куды ехаць, да таго, што не маюць на што жыць, калі застаюцца, не маюць ежы і лекаў, не маюць медыцынскай дапамогі. Шмат звяртаецца людзей, якія фізічна не могуць паехаць забраць адтуль сваю сям’ю, і сям’я застаецца там, з ёй няма сувязі - людзі папросту не ведаюць, што ім рабіць у такіх сітуацыях. Пачынаецца паніка. Панікуюць не толькі на Луганшчыне і Данетчыне, але і ў іншых рэгіёнах. “Калі няма сувязі, не разумеюць, што там адбываецца, ці жывыя сваякі, пачынаюць абрываць нам тэлефон. Тэлефануюць з розных куткоў краіны і з іншых краінаў таксама”. Паніка пашыраецца, таму што ніхто не разумее, як вывозіць людзей з населеных пунктаў, дзе ідуць баявыя дзеянні.

Гуманітарны калідор – на свой страх и рызыку

З гуманітарным калідорам даволі складаная гісторыя. Нібыта ёсць, нібыта дзейнічае, але ніхто не можа афіцыйна гарантаваць бяспеку. Гэтае рашэнне - на ўласную рызыку людзей. “Нашая арганізацыя не можа рэкамендаваць людзям карыстацца гэтым калідорам, паколькі гэта сапраўды небяспечна, можа стацца што заўгодна. І няма ніякай гарантыі, што людзі выйдуць адтуль жывымі. Пры гэтым не працуе чыгуначны вакзал, то бок, людзі фактычна заблакаваныя ў тым жа Луганску”. Там тры аўтобусы ходзяць, два ў бок Расіі і адзін на Сватава [раённы цэнтр прыблізна ў 150 км ад Луганска – рэд.]. Ёсць “калідор жыцця”, як кажуць тэрарысты. Але кожны гэты аўтобус – пад пастаяннай рызыкай абстрэлу.

Афіцыйная лічба па перасяленцах - пад пытаннем

Ёсць афіцыйная статыстыка: 62 тысячы жыхароў усходніх абласцей былі вымушаныя перасяліцца ў іншыя рэгіёны Украіны. З іх больш як 20 тысяч – дзеці, 8 тысяч – людзі сталага веку або інваліды. Па назіраннях праваабаронцаў, у так званых прарасійскіх рэгіёнах дзесьці палова людзей едзе ў Расію. “Па-першае, там шмат сваякоў у людзей, ім лягчэй уладкавацца. Ехаць ў нікуды або да некага блізкага, хто табе дапаможа, - зразумела, тут ужо не выбіраеш краіну. Прыкладна палова людзей застаецца ва Украіне. Нехта нават не выязджае за межы вобласці, проста пераязджаюць у тую частку, дзе зараз не вядзецца баявых дзеянняў… Мяне трохі дзівіць лічба ў 62 тысячы. Паколькі калі зараз казаць выключна пра Луганск, то гэта каля 450 тысяч насельніцтва, і горад фактычна пусты. То бок, людзей застаецца вельмі мала, вядома, яны сядзяць па дамах, іх не бачна. Нават калі казаць пра адзін абласны цэнтр, то з Луганска выехала значна болей. Цяжка праводзіць падлікі”.

Рэгістрацыя нічога не вырашае

Лічба па перасяленцах, якую дае Міністэрства надзвычайных сітуацый, выводзіцца з колькасці людзей, якія зарэгістраваліся, сталі на ўлік як перасяленцы. Але гэта праблема. “Таму што людзі не ведаюць, куды ім ісці, навошта ім выстойваць чэргі і браць гэтую паперу. Я такая ж самая перасяленка. І я не рэгістравалася і не збіраюся. Проста дадаць яшчэ адну адзінку да спісу МНС – больш ніякай карысці мне ад гэтага не будзе. Таму зараз я не бачу неабходнасці губляць час, які магу выдаткаваць на пошукі працы, жытла або яшчэ нечага, на тое, каб выстаяць чаргу за нейкай непатрэбнай паперкай”. Вельмі цяжка весці ўлік. Шмат хто выязджае да знаёмых і блізкіх, шмат хто здымае жытло ўласнымі сіламі. Вялікая колькасць людзей  звяртаецца да грамадскіх ініцыятываў. Гэта таксама асобная статыстыка.

Дзяржава фінансавай дапамогі не аказвае  

“Пакуль гэта вельмі праблемнае пытанне. Нядаўна мы звярталіся ў Міністэрства эканамічнага развіцця. Яшчэ ў чэвені было распараджэнне правесці падлікі – колькі грошай трэба выдаткаваць на дапамогу вымушаным перасяленцам [згодна з Пастановай Кабінета міністраў Украіны № 588р ад 11 чэрвеня 2014 г. да 25 чэрвеня 2014 г. міністэрствы і ведамствы павінны былі прадставіць разлікі па расходаванні рэзервовага фонду – рэд.] На цяперашні час мы атрымалі адказ, што гэта не зроблена. То бок, дзяржава пакуль што не можа сказаць, якая сума ёй патрэбна, і, не маючы гэтых лічбаў, не можа выдзеліць хоць нешта”. Людзі часта звяртаюцца да грамадскіх арганізацый для атрымання гуманітарнай дапамогі, бо тое, што ім зараз можа даць дзяржава – мінімум, з якім цяжка выжыць.

Працаўладкаванне - вельмі праблематычна

“Чалавеку, які з малога горада трапіў у вялікі альбо з абласнога цэнтра ў сельскую мясцовасць, вельмі цяжка адаптавацца. Ён не ведае, куды ісці, як шукаць працу. Вядома, зараз на такую колькасць перасяленцаў няма неабходных працоўных месцаў. Тым больш што людзям вельмі мала аказваецца дапамогі ў пошуках працы. То бок, месцы працы недзе асобна, людзі недзе асобна - вельмі цяжка іх неяк звязваць”.

Адаптацыя перасяленцаў - клопат грамадскіх ініцыятываў

Асобнае пытанне – ці каардынуецца неяк велізарная супольнасць перасяленцаў на ўзроўні Кіева, ці адчуваюць людзі, што яны – адно цэлае і знаходзяцца ў адной сітуацыі. Юлія Красільнікава адзначае, што ёсць масавыя пасяленні і там гэтыя людзі хоць-нехаць вымушаныя стасавацца паміж сабою. Ёсць грамадскія ініцыятывы, дзе яны таксама сустракаюцца, там прапануюць супольныя меры для дзяцей, квіткі, мерапрыемствы. То бок спрабуюць пераключыць увагу з іх цяжкага становішча, неяк адаптаваць.  Акрамя такіх грамадскіх ініцыятываў, ёсць яшчэ моладзевыя рухі… “Нядаўна была акцыя памяці па загінулых у Луганску, дзе сабралася вельмі шмат людзей. Цікава, што сабраліся не толькі тыя, хто выехаў, але і тыя, хто даўно жыве ў Кіеве і вельмі перажывае за тое, што зараз адбываецца ў іх родным горадзе. Пабачыліся людзі, якія не бачыліся гадамі. Такім чынам, пэўная супольнаць пачала ўтварацца, але не вядома, што з гэтага атрымаецца”. 

Андрэй Сайчук, вядучы “Громадське ТВ”
Юлія Красільнікава, актывістка ініцыятывы "Усход-СОС" (Кіеў)
Юлія Красільнікава з "Усход-СОС" на “Громадське ТВ” (Кіеў)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства