viasna on patreon

Віцебск: пікет у падтрымку палітвязняў забаронены па традыцыйнай падставе

2014 2014-08-06T15:57:23+0300 2014-08-06T16:02:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palitviazni-grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыя, мэтай якой было нагадаць пра існаванне палітвязняў у сучаснай Беларусі, была запланаваная на 4 жніўня. Але правесці яе праваабаронцу Леаніду Свеціку не дазволілі.

Праваабаронца падаваў заяўку на акцыю ў належны тэрмін і прасіў дазволу на правядзенне пікета ў адмыслова вызначаным месцы – Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Аднак мясцовыя ўлады правядзенне акцыі забаранілі: подпіс пад забаронай паставіла намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна.

У заяўцы на акцыю праваабаронца нагадваў мясцовым уладам, што права грамадзян на вольнае выказванне меркаванняў і права на мірныя сходы – гэта найважнейшыя палітычныя правы. Таму ён прасіў забяспечыць на мерапрыемстве грамадскі парадак, медычнае і камунальнае абслугоўванне за кошт дзяржавы, а таксама «зрабіць захады па абароне ўдзельнікаў пікетавання ад магчымых правакацыяў і неправамерных дзеянняў з боку праваахоўных органаў пад час падрыхтоўкі і правядзення масавага мерапрыемства, а таксама пасля яго заканчэння”.

Аднак адказам Леаніду Свеціку стала адмова менавіта па прычыне адсутнасці дамоваў з міліцыянтамі, медыкамі і службай ЖКГ на абслугоўванне акцыі. Сістэматычныя адмовы ў правядзенні масавых мерапрыемстваў з боку улады – гэта замах на фундаментальныя правы і свабоды. Такая палітыка не спрыяе развіццю грамадзянскай супольнасці, лічыць Леанід Свецік.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства