У Жодзіна “знікла” афіцыйная папера пра забарону пікету ў падтрымку палітвязняў
Жодзінскія ўлады забаранілі пікет, прымеркаваны да 4 жніўня, аднак праваабаронцы дагэтуль не атрымалі ніякага дакументальнага пацверджання з выканкаму.
Пры гэтым кіраўнік ідэалагічнага аддзелу Ірына Карповіч па тэлефоне паведаміла, што адмова адсылалася яшчэ 28 ліпеня – замоўным лістом і нават з апавяшчэннем.
Паколькі гарадскія ўлады забаранілі пікет салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і супраць расійскай агрэсіі, праваабаронцы 4 жніўня апранулі цішоткі з надпісам "Маю права на мірныя сходы!" ды каталіся па вуліцах Жодзіна на роварах, дзяліліся праваабарончай інфармацыяй са знаёмымі і мінакамі (глядзіце фотарэпартаж).
Нагадаем, што Жодзіна з’яўляецца адным з 10 беларускіх гарадоў, дзе мясцовыя ўлады па надуманых прычынах забаранілі праваабарончыя пікеты за вызваленне палітвязняў. Пікеты былі прымеркаваныя да Міжнароднага Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, які адзначаецца 4 жніўня – у дзень арышту ў 2011 годзе кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага.