viasna on patreon

У Камітэт па правах чалавека накіравана скарга палітвязня Эдуарда Лобава

2014 2014-08-05T14:16:26+0300 2014-08-05T14:16:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lobau-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Эдуард Лобаў. Фота: svaboda.org

Эдуард Лобаў. Фота: svaboda.org

У Камітэт па правах чалавека ААН накіравана скарга палітвязня Эдуарда Лобава. Пра гэта сайту Вясны паведаміла кіраўнік ПУ Беларускі дакументацыйны цэнтр Раіса Міхайлоўская.

Індывідуальнае паведамленне, накіраванае ў КПЧ 14 ліпеня, падрыхтавана юрыстамі «Беларускага дакументацыйнага цэнтра». У скарзе прыводзяцца доказы парушэння Рэспублікай Беларусь у асобе праваахоўных і судовых органаў пры затрыманні, арышце і разглядзе крымінальнай справы Эдуарда Лобава.  

Такім чынам, гэта ўжо трэцяя скарга фігурантаў так званай справы «аб масавых беспарадках» 19 снежня 2010 г., падрыхтаваная юрыстамі БДЦ. Раней былі падрыхтаваныя скаргі Фёдара Мірзаянава, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча (сумесна з амерыканскай адвакацкай фірмай Hogan Loves).

Нагадаем, што індывідуальнае паведамленне ў Камітэт па правах чалавека ААН падаецца ў тым выпадку, калі вычарпаныя ўсе нацыянальныя сродкі прававой абароны.

Касацыйныя скаргі, пададзеныя Эдуардам і яго адвакатам у судовую калегію па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, пакінуты без задавальнення, а прысуд суда Маскоўскага раёна г. Мінска без змены. Наглядная скарга, пададзеная ў Вярхоўны суд РБ, таксама пакінутая без задавальнення. У 2013 годзе Эдуард Лобаў падаваў скаргу пракурору г. Мінска С. К. Хмаруку. У скарзе Эдуард прыводзіў доказы парушэння яго правоў і прасіў прынесці пратэст на прысуд суда Маскоўскага раёна г. Мінска і вызначэнне судовай калегіі па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда на прадмет іх адмены і спынення вытворчасці па справе. Пракуратура г. Мінска перадала скаргу ў Следчы Камітэт, які парушэнняў у справе Лобава не ўгледзеў, і скарга была пакінутая без задавальнення.

Актывіст «Маладога фронта» Эдуард Лобаў быў затрыманы 18 снежня 2010 года, напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па хлустлівым абвінавачванні ў бойцы з мінакамі суддзя суда Маскоўскага раёна г. Мінска Алена Шылько 24 сакавіка 2011 г. прысудзіла яго да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля вынясення прысуду Amnesty International прызнала Эдуарда Лобава вязнем сумлення. У цяперашні час Эдуард Лобаў адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 22 Брэсцкай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства